Рэспубліка Беларусь з 1 студзеня 2025 г. трэці раз прымае старшынства ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза.
За мінулае дзесяцігоддзе наш Саюз здолеў даказаць грунтоўнасць ідэі цеснай эканамічнай інтэграцыі, сваю жыццяздольнасць і выніковасць. Сумеснымі намаганнямі мы нарасцілі патэнцыял макраэканамічнай устойлівасці і мінімізавалі ўплыў негатыўных геапалітычных фактараў.
2025 год для Еўразійскага эканамічнага саюза будзе знакавым: завяршаецца пяцігодка рэалізацыі Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і закладваецца падмурак для старту новага этапу і ўвасаблення ў жыццё Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях». У сувязі з гэтым у мэтах умацавання плённага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў Саюза прапануем вызначыць наступныя асноўныя прыярытэты, якія павінны апынуцца ў цэнтры нашай агульнай увагі ў новым годзе.
1. Неабходна засяродзіць сумесныя намаганні на развіцці тэхналагічнага патэнцыялу дзяржаў-членаў ЕАЭС, фарміраванні агульнай прасторы кааперацыйнага ўзаемадзеяння ва ўсіх галінах эканомікі.
У гэтых мэтах трэба актывізаваць рэалізацыю сумесных праектаў і праграм у сферах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, штучнага інтэлекту, электратранспарту, мікраэлектронікі, робататэхнікі і новых матэрыялаў. Супрацоўніцтва ў гэтым напрамку дасць магчымасць забяспечыць надзейную базу для развіцця партнёрскіх адносін паміж прадпрыемствамі дзяржаў-членаў ЕАЭС у мэтах стварэння новых імпартазамяшчальных вытворчасцяў, выпуску сумеснай прадукцыі пад еўразійскім брэндам.
2. Для павышэння харчовай бяспекі Саюза прапанавана сканцэнтраваць намаганні на развіцці селекцыі і насенняводства, павышэнні генетычнага патэнцыялу племянных сельскагаспадарчых жывёл.
3. Варта завяршыць фарміраванне адзінай транспартнай прасторы з прыняццем роўных (недыскрымінацыйных) умоў і забеспячэннем справядлівай канкурэнцыі, асабліва пры здзяйсненні паветраных перавозак паміж нашымі краінамі. Трэба будзе прадоўжыць работу па адмене дазвольнай сістэмы на ўсе віды міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў у трэція краіны і з іх. Уяўляецца асабліва важным ствараць новыя і ўдасканальваць дзеючыя лагістычныя ланцужкі бесперашкоднай дастаўкі грузаў, развіваць «бясшвовыя» і бяспечныя міжнародныя транспартныя калідоры, якія злучаюць дзяржавы-члены ЕАЭС.
4. Таксама хачу звярнуць увагу на неабходнасць далейшай мэтанакіраванай работы па выраўноўванні ўмоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, стварэнні агульнага і празрыстага канкурэнтнага асяроддзя на ўнутранай прасторы Саюза. Пры гэтым ключавое значэнне мае выніковае завяршэнне фарміравання агульных энергетычных рынкаў ЕАЭС.
5. У бягучых умовах варта працягнуць работу па абароне ўнутранага рынку. Такая дзейнасць павінна быць нацэлена як на ўдасканаленне мытна-тарыфнага рэгулявання для выраўноўвання ўмоў гаспадарання ў ЕАЭС, так і на паўнавартасную абарону еўразійскага рынку ад небяспечнай прадукцыі.
Важна забяспечыць прыняцце заснаваных на перадавой сусветнай практыцы і навуковай доказнай базе адзіных тэхнічных патрабаванняў, гарманізацыю нацыянальных стандартаў і пераход на прымяненне міждзяржаўных стандартаў.
Неабходна стварыць кантраляваныя ўмовы доступу імпартных тавараў на ўнутраны рынак, працягнуць эфектыўнае прымяненне сістэмы кіравання рызыкамі пры вызначэнні мытнага кошту тавараў.
У існуючых эканамічных рэаліях своечасовым праектам можа стаць стварэнне ў ЕАЭС уласнай біржавой сістэмы індыкатараў таварных рынкаў на ключавыя тавары (нафтапрадукты, сельгаспрадукцыя, лесапрадукцыя, будматэрыялы і іншае) на базе наяўных інфармацыйных, метадалагічных і тэхналагічных платформаў краін Саюза. Патрэбны стымул для далейшага развіцця біржавога гандлю і фарміравання канкурэнтных цэн на тавары.
6. Таксама патрабуецца актывізацыя ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў ЕАЭС у галіне лічбавай трансфармацыі.
У сучасным свеце ўзровень развіцця лічбавых тэхналогій гуляе вызначальную ролю ў канкурэнтаздольнасці краін. Адной з найважнейшых задач стане ліквідацыя існуючых лічбавых бар'ераў. Мяркуем, што праведзеная работа дазволіць дасягнуць сінергетычнага эфекту ў развіцці эканомік дзяржаў-членаў і лічбавай прасторы ЕАЭС.
Для павышэння эфектыўнасці сістэмы дзяржаўных закупак прапанавана канчаткова ўрэгуляваць пытанне аб узаемным прызнанні электроннага лічбавага подпісу дзяржаў - членаў Саюза і садзейнічаць далейшаму прасоўванню лічбавых інструментаў у гэтай сферы.
У сувязі з актыўным развіццём электроннага гандлю з'яўляецца неабходнасць асобнага рэгулявання ў Саюзе дзейнасці маркетплэйсаў разам з пошукам аптымальнай мадэлі для ўліку інтарэсаў як дзяржавы, так і электронных гандлёвых пляцовак, прадаўцоў і спажыўцоў.
7. Новы імпульс патрэбны і для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ва ўсіх яго фарматах, стварэння дадатковых умоў для прасоўвання тавараў Саюза на замежныя рынкі.
Узаемадзеянне дзяржаў-членаў з роднаснымі па сваіх статутных мэтах і ідэалогіі рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, а таксама развіццё партнёрства ў рамках Інстытута дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС з'яўляецца важным фактарам умацавання эканамічнага патэнцыялу Саюза. Асаблівая ўвага павінна надавацца практычным аспектам спалучэння інтэграцыйных патэнцыялаў ЕАЭС, СНД, ШАС і БРІКС, развіццю гандлёва-эканамічных адносін з дзяржавамі-удзельнікамі АСЕАН.
Далейшую работу па рэалізацыі падпісаных на ўзроўні ЕАЭС пагадненняў аб свабодным гандлі і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з дружалюбнымі краінамі, актывізацыю перамоў з перспектыўнымі партнёрамі лічым ключавымі практычнымі элементамі пазіцыянавання Саюза як міжнароднай рэгіянальнай арганізацыі, якая паспяхова функцыянуе на еўразійскім кантыненце.
8. Не менш важнай з'яўляецца сумесная работа, накіраваная на дапаўненне эканамічнага трэка інтэграцыі праблематыкай з сацыяльнай і гуманітарнай сфер.
Відавочна, што далейшае развіццё ЕАЭС павінна быць непарыўна звязана з павышэннем дабрабыту грамадзян дзяржаў-членаў Саюза. У сувязі з гэтым у полі нашай больш пільнай увагі павінна знаходзіцца супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, спорту, турызму, культуры, у іншых гуманітарных сферах.
9.Як ніколі раней, ад нашых краін патрабуецца пераход на новы ўзровень інфармацыйнага ўзаемадзеяння для прыняцця эфектыўных мер супраць розных дэструктыўных рэсурсаў, агрэсіўных выпадаў. Уяўляецца мэтазгоднай распрацоўка кансалідаванага падыходу да фарміравання агульнай інфармацыйнай прасторы на аснове павагі традыцыйных каштоўнасцяў нашых краін, гістарычнай і культурнай спадчыны народаў.
І, безумоўна, мы павінны годна адзначыць асаблівую дату ў нашай агульнай гісторыі – 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб'яднаць намаганні, накіраваныя на забеспячэнне міру і барацьбу з нацызмам, які зноў становіцца пагрозай для ўсяго чалавецтва.
Сёння важна дэманстраваць сусветнай супольнасці, што, толькі паважаючы адзін аднаго і выконваючы прававыя нормы, ёсць магчымасць развівацца, будаваць будучыню, дасягаць дабрабыту.
Упэўнены, што паслядоўная рэалізацыя выкладзеных напрамкаў будзе садзейнічаць
далейшаму развіццю еўразійскай інтэграцыі і пашырэнню ўзаемавыгаднага
супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.