Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі зацвердзіў план мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю Пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Ісламскай Рэспублікай Іран ад 25 снежня 2023 года. Дакументам у тым ліку прадугледжана паглыбленне супрацоўніцтва паміж дзелавымі супольнасцямі бакоў.
«У прыватнасці, будзе прапрацавана пытанне ўдзелу Ірана ў якасці партнёра ў чарговым Еўразійскім эканамічным форуме. У рамках сустрэчы мяркуецца арганізацыя і правядзенне бізнес-дыялогу «ЕАЭС – Іран», – распавёў міністр па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў.
З мэтай стварэння платформы бізнес-дыялогу бакоў плануецца ўнесці змяненні ў дзеючы Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Дзелавым саветам Еўразійскага эканамічнага саюза і Іранскай палатай па гандлі, прамысловасці, горнай справе і сельскай гаспадарцы ад 25 верасня 2019 года або заключыць новы мемарандум. Мерапрыемствы ў рамках гэтай платформы будуць праводзіцца з улікам такіх напрамкаў галіновага ўзаемадзеяння, як супрацоўніцтва ў сферы транспарту, развіццё мультымадальных перавозак, сумесныя праекты ў галіне навуковых даследаванняў і распрацовак, устанаўленне кааперацыйных сувязяў паміж прадпрыемствамі, праекты паліўна-энергетычнага комплексу, а таксама энергаэфектыўнасць, энергазберажэнне і аднаўляльныя крыніцы энергіі, адукацыя, медыцына, тэлекамунікацыі.
Прапановы, якія паступаюць ад дзелавых супольнасцяў, будуць прапрацоўвацца і разглядацца Сумесным камітэтам – органам, які засноўваецца для абмеркавання пытанняў, звязаных з прымяненнем Пагаднення і далейшага развіцця гандлёвых адносін паміж ЕАЭС і Іранам.
Дадаткова бакі падрыхтуюць план сумесных мерапрыемстваў арганізацый па садзейнічанні гандлю, які ўключае ў сябе правядзенне бізнес-форумаў, выстаў, бізнес-місій і г.д.