Навіны

20.06.2022 (Обновлено: 04.07.2022 15:09)

Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч: «Трэба больш актыўна прыцягваць дзелавую супольнасць да фінансавання навуковых распрацовак»

«Перспектыўныя навуковыя распрацоўкі і праекты павінны стаць ключавым элементам тэхнічнага пераўзбраення і інавацыйнага развіцця, стварыць базіс самадастатковасці Еўразійскага эканамічнага саюза і забяспечыць эканамічны рост краін-удзельніц», – заявіў Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч падчас выступлення 20 чэрвеня на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва як аснова развіцця ЕАЭС ва ўмовах новых эканамічных выклікаў: праблемы і шляхі іх вырашэння». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Еўразійская эканамічная камісія і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.


У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі навукі, адукацыі, вытворчых прадпрыемстваў і дзяржаўных ведамстваў з краін ЕАЭС. Яны абмеркавалі рашэнні прыкладных задач па зніжэнні залежнасці ад імпарту абсталявання і тэхналогій, вызначылі перспектыўныя напрамкі развіцця ўласнай прыкладной навуковай базы.

У рамках канферэнцыі адбылося чатыры секцыі: вытворчасць і імпартазамяшчэнне на рынку фармацэўтычнай і біялагічнай прадукцыі; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (ІКТ); развіццё машынабудавання і новых матэрыялаў; развіццё эканомікі ЕАЭС ва ўмовах структурнай і тэхналагічнай трансфармацыі. Вынікі былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў фармаце пашыранага пасяджэння Прэзідыума Навукова-тэхнічнага савета пры Старшыні Калегіі ЕЭК.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч у рамках пленарнага пасяджэння, сфарміраваныя па выніках канферэнцыі прапановы будуць улічаныя пры падрыхтоўцы і рэалізацыі сумесных праграм і высокатэхналагічных праектаў, фарміраванні нацыянальных баз даных інфармацыі па навуцы і тэхналогіях, а таксама запатрабаваныя ў працы рабочай групы высокага ўзроўню па стварэнні ўмоў для павышэння ўнутранай устойлівасці эканомікі дзяржаў ЕАЭС.

«Цяпер Камісія разам з дзяржавамі-членамі распрацоўвае Стратэгічную праграму і прыярытэты навукова-тэхнічнага развіцця Саюза. У якасці прыярытэтных разглядаюцца наступныя напрамкі: інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; біятэхналогіі, фармакалогія і медыцына; тэхналогіі машынабудавання, вытворчасці новых матэрыялаў і паліва, сельскай гаспадаркі, здабыўных галін. Пералік адкрыты і пры неабходнасці будзе дапоўнены», – сказаў кіраўнік Калегіі ЕЭК.

Па яго словах, краіны ЕАЭС пакуль адстаюць па паказчыках навукаёмістасці ВУП. Так, выдаткі на НДВКР у сусветным ВУП устойліва растуць і набліжаюцца да 4%. У краінах ЕАЭС гэта каля 1%.

Таму актуальным з'яўляецца пытанне ўкаранення эфектыўных механізмаў фінансавання перспектыўных навуковых даследаванняў і доследна-канструктарскіх распрацовак. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў ЕАЭС няма адпаведнай інстытуцыйнай інфраструктуры, для яе стварэння плануецца распрацаваць адпаведны праект рашэння Еўразійскага міжурадавага савета.

Асобную ўвагу варта таксама надаваць наладжванню кантактаў паміж навукова-даследчымі ўстановамі і вытворчымі пляцоўкамі, лічыць Старшыня Калегіі ЕЭК.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў арганізаваць на пляцоўцы Камісіі сумеснае пасяджэнне Навукова-тэхнічнага савета пры Старшыні Калегіі ЕЭК і Кансультатыўнага камітэта па ўзаемадзеянні ЕЭК і Дзелавога савета ЕАЭС.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на пленарным пасяджэнні адзначыў, што сёння на парадку дня вельмі актуальнае пытанне: прыярытэты навукова-тэхнічнага развіцця дзяржаў Саюза. «Па сутнасці, гэта пытанне аб вызначэнні канкрэтных напрамкаў і мер па забеспячэнні навукова-інавацыйнай бяспекі і ўмацаванні тэхналагічнага суверэнітэту кожнай з нашых краін і інтэграцыйнага аб'яднання ў цэлым», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Ён прапанаваў для дасягнення збалансаванага дзяржаўнага развіцця забяспечыць аб'яднанне патэнцыялаў дзяржаў Саюза з апорай на канкрэтныя навукова-тэхнічныя кампетэнцыі кожнай з краін.

Падводзячы вынікі сесіі, прысвечанай машынабудаванню і новым матэрыялам, міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Артак Камалян адзначыў, што ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся з неабходнасцю надаваць асаблівую ўвагу развіццю імпартазамяшчэння ў краінах ЕАЭС.

У сувязі з гэтым, па словах Артака Камаляна, Камісіі сумесна з дзяржавамі-членамі неабходна вырашыць пытанне фінансавання кааперацыйных праектаў, а таксама працягваць сумесную інфармацыйна-аналітычную працу.

«Што тычыцца далейшага паглыблення кааперацыі і імпартазамяшчэння ў нашым Саюзе, то такія напрамкі працы змяшчаюцца ў карце індустрыялізацыі ЕАЭС. У гэтым інфармрэсурсе акумуляваны звесткі пра амаль што 200 буйных інвестыцыйных і кааперацыйных праектаў, якія рэалізуюцца і плануюцца, на агульную суму $195 млрд. Гаворка ідзе пра авія- і суднабудаванне, аўтамабільную і лёгкую прамысловасць, фарміндустрыю, металургію, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў, вытворчасць будаўніча-дарожнай, спецыяльнай і камунальнай тэхнікі і іншыя галіны. Карта індустрыялізацыі пастаянна абнаўляецца, – сказаў Артак Камалян.

Міністр па інтэграцыі і макраэканоміцы Сяргей Глазьеў, у сваю чаргу, заявіў пра важнасць распрацоўкі стратэгічнай праграмы навукова-тэхнічнага развіцця ЕАЭС. Яе стрыжнем павінна стаць выпрацоўка агульных прыярытэтаў развіцця. «Відавочна, што мы павінны рабіць стаўку на прарыўныя тэхналогіі, якія стануць ядром новага тэхналагічнага ўкладу эканомікі», – упэўнены Сяргей Глазьеў. Па яго словах, праекты для працы будзе адбіраць шырокая група экспертаў – да 2000 чалавек.

Пра ступень уніфікацыі тэхнічнага рэгулявання ў ЕАЭС распавёў міністр па пытаннях тэхнічнага рэгулявання ЕЭК Віктар Назаранка. «88% прадукцыі, якая абарачаецца на рынку Саюза, ахоплена агульным тэхнічным рэгуляваннем. Узровень гарманізацыі стандартаў, напрыклад, на электратэхніку, з міжнароднымі патрабаваннямі, у цяперашні час перавышае 80%. Пры гэтым, важным аспектам павышэння канкурэнтаздольнасці і экспартнага патэнцыялу, з'яўляецца перыядычная ацэнка навукова-тэхнічнага ўзроўню рэгламентаў Саюза», – лічыць Віктар Назаранка.

У рамках пленарнага пасяджэння Міхаіл Мясніковіч уручыў шэрагу членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ганаровыя граматы за ўклад у развіццё еўразійскай інтэграцыі. Уладзімір Гусакоў, у сваю чаргу, узнагародзіў Сяргея Глазьева вялікім медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «За выдатныя заслугі перад айчыннай навукай» і павіншаваў з нядаўнім выбраннем замежным членам НАН Беларусі.