Навіны

28.09.2023

У ЕАЭС удасканальваюць тэхрэгламенты і падыходы па забеспячэнні выканання ўстаноўленых патрабаванняў, меры санітарнага, фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю

На пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па тэхнічным рэгуляванні, прымяненні санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер пад старшынствам міністра па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктара Назаранкі ўхвалены для накіравання на публічнае абмеркаванне праект змяненняў № 1 у тэхрэгламент Еўразійскага эканамічнага саюза «Аб бяспецы рыбы і рыбнай прадукцыі» ў частцы ўдакладнення асобных патрабаванняў.


Еўразійская эканамічная камісія на сістэмнай аснове ажыццяўляе імплементацыю палажэнняў тыпавых схем ацэнкі адпаведнасці, зацверджаных Рашэннем Савета Камісіі ад 18 красавіка 2018 года № 44, у частцы формаў і працэдур ацэнкі адпаведнасці ў тэхрэгламенты. У гэтых мэтах ухвалены для накіравання на публічнае абмеркаванне падрыхтаваныя з улікам тыпавых схем ацэнкі адпаведнасці праекты змяненняў у тэхрэгламенты Мытнага саюза «Бяспека ліфтаў» і «Тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю», а таксама з улікам дадатковага абмеркавання – у тэхнічны рэгламент «Аб бяспецы харчовай прадукцыі».

Асноўным прадметам дыскусіі падчас абмеркавання змяненняў у тэхрэгламент на харчовую прадукцыю стала прывядзенне ў адпаведнасць з правам ЕАЭС палажэнняў аб ветэрынарна-санітарнай экспертызе як формы ацэнкі адпаведнасці і вызначэнне правіл работы неакрэдытаваных выпрабавальных лабараторый.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння ўхвалілі для разгляду на пасяджэнні Калегіі ЕЭК праект змяненняў № 2 у тэхрэгламент Саюза «Тэхнічны рэгламент на алейна-тлушчавую прадукцыю» ў частцы ўдакладнення асобных палажэнняў дакумента, у тым ліку тых, якія датычацца транспарціроўкі раслінных алеяў і нарміравання гліцыдзілавых эфіраў тлустых кіслот у алейна-тлушчавай прадукцыі. Таксама ўхвалены праект Пераліку прадукцыі, якая падлягае абавязковай ацэнцы адпаведнасці патрабаванням тэхрэгламенту Саюза «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі», у дачыненні да якой пры змяшчэнні пад мытныя працэдуры пацвярджаецца выкананне мер тэхнічнага рэгулявання» і праект Праграмы па распрацоўцы міждзяржаўных стандартаў да тэхрэгламенту Саюза «Аб бяспецы мяса птушкі і прадукцыі яго перапрацоўкі».

Для забеспячэння ўступлення ў сілу прынятага раней тэхрэгламенту Саюза «Аб бяспецы хімічнай прадукцыі» ўхвалены для разгляду на пасяджэнні Калегіі ЕЭК праект змяненняў ва ўказаны дакумент, які карэкціруе шэраг яго палажэнняў, і праект рашэння Савета ЕЭК «Аб фарміраванні і вядзенні рэестра хімічных рэчываў і сумесяў Еўразійскага эканамічнага саюза, натыфікацыі новых хімічных рэчываў».

Разгледжаны і ўхвалены для накіравання на пасяджэнне Калегіі ЕЭК праект парадку разгляду Камісіяй звароту дзяржавы-члена Саюза аб абгрунтаванасці мер, прынятых органам дзяржаўнага кантролю (нагляду) іншай дзяржавы-члена ў дачыненні да прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, з правядзеннем дадатковай нарады.

У сферы санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер Кансультатыўным камітэтам ухвалены і рэкамендаваны для разгляду на пасяджэнні Калегіі Камісіі змяненні ў Палажэнне аб парадку ажыццяўлення каранціннага фітасанітарнага кантролю (нагляду) на мытнай мяжы ЕАЭС і ў Палажэнне аб парадку ажыццяўлення каранціннага фітасанітарнага кантролю (нагляду) на мытнай тэрыторыі ЕАЭС.

Па выніках пасяджэння Кансультатыўнага камітэта ўхвалена правядзенне навукова-даследчай работы «Аналіз падыходаў да кантролю рэшткавых колькасцяў ветэрынарных лекавых сродкаў у харчовых прадуктах жывёльнага паходжання, якія змяшчаюцца ў міжнародных і рэгіянальных стандартах, дапаможніках і рэкамендацыях». Мэтай НДР з'яўляецца аналіз выкарыстання падыходаў, вынікаў навуковых даследаванняў з улікам ацэнкі рызыкі для забеспячэння эфектыўнага кантролю рэшткавых колькасцяў ветэрынарных лекавых сродкаў у харчовых прадуктах жывёльнага паходжання. І ў выніку – забеспячэнне бяспекі харчовых прадуктаў жывёльнага паходжання для жыцця і здароўя насельніцтва Саюза. Вынікі навукова-даследчай работы будуць выкарыстаны пры вызначэнні патрабаванняў да разгляданай прадукцыі ў актах ЕАЭС.

Па прапановах упаўнаважаных органаў дзяржаў-членаў Саюза Кансультатыўным камітэтам зацверджаны актуалізаваны склад падкамітэту па каардынацыі работ у галіне дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС. Пры гэтым прынята рашэнне аб пераглядзе Палажэння аб падкамітэце, каб павысіць яго эфектыўнасць па выпрацоўцы прапаноў аб дзяржкантролі (наглядзе) за выкананнем патрабаванняў тэхрэгламентаў Саюза.