Навіны

07.09.2023

У Мінску прадстаўнікі ЕЭК адказалі на пытанні бізнесу аб канкурэнцыі на трансгранічных рынках ЕАЭС і доступе да еўразійскіх дзяржзакупак

Пытанні забеспячэння роўнага і бесперашкоднага доступу да дзяржаўных закупак краін Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама асаблівасці захавання справядлівай канкурэнцыі на трансгранічных рынках ЕАЭС абмеркавалі ўдзельнікі Грамадскай прыёмнай блока па канкурэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Мерапрыемства прайшло ў Мінску 7 верасня на пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы пры падтрымцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. 

Як адзначыў міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Бахыт Султанаў, каля чвэрці заяў аб парушэннях канкурэнцыі, якія паступаюць у Камісію, прыпадае на Беларусь.

«У сувязі з гэтым мы бачым мэтай такіх сустрэч – на канкрэтных кейсах распавесці прадпрымальнікам пра рызыкі парушэння наднацыянальнага антыманапольнага права, з якімі яны могуць сутыкнуцца падчас выхаду на трансгранічныя рынкі ЕАЭС», – сказаў міністр ЕЭК.

Беларускі бізнес актыўна ўдзельнічае і ў дзяржзакупках краін ЕАЭС. На сёння ў Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў, знаходжанне ў якім дазваляе бесперашкодна ўдзельнічаць у закупках краін ЕАЭС, уключаны звесткі аб 7187 таварах 92 вытворцаў Рэспублікі Беларусь. 

У пасяджэнні разам з экспертамі антыманапольнага блока для паўнавартаснага абмеркавання пытанняў, зададзеных беларускімі прадпрымальнікамі, прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых профільных блокаў Камісіі. Ім былі адрасаваны пытанні аб цяжкасцях прывядзення вытворцамі краін «еўразійскай пяцёркі» рэгістрацыйных дасье лекавых сродкаў у адпаведнасць з патрабаваннямі ЕАЭС, аб праблемах беларускіх прадпрымальнікаў пры экспарце тавараў з трэціх краін, аб магчымых парушэннях нормаў дагавора пры аўтамабільных перавозках у рамках Саюза.

Па выніках дыялогу прадстаўнікі ЕЭК заклікалі бізнес больш актыўна выкарыстоўваць рэсурсы і патэнцыял Камісіі для абароны сваіх правоў, а таксама накіроўваць актуальныя пытанні, якія маглі б стаць тэмамі маючых адбыцца пасяджэнняў грамадскіх прыёмных.

Даведка

У Еўразійскі рэестр уключаны 8138 тавараў (15 галін прамысловасці) 108 вытворцаў: 92 – з Рэспублікі Беларусь, 6 – з Рэспублікі Казахстан, 2 – з Кыргызскай Рэспублікі, 8 – з Расійскай Федэрацыі.