Навіны

06.09.2021

ВЭФ-2021: сетка міжнародных кантактаў ЕАЭС закладвае падмурак Вялікага Еўразійскага партнёрства

Гэты тэзіс быў агучаны міністрам па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргеем Глазьевым падчас Усходняга эканамічнага форуму – 2021 і стаў ключавым на сесіі «Каштоўнасць і каштоўнасці Вялікага Еўразійскага партнёрства».

«Еўразійскі эканамічны саюз становіцца ядром фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства. У нас наладжаныя сувязі з многімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі кантынента. Заключаны мемарандумы аб супрацоўніцтве з АСЕАН і шэрагам дзяржаў кантынента. Вядуцца перамовы аб фарміраванні зон свабоднага гандлю. Ужо сёння яны працуюць з В'етнамам, Сінгапурам. Падпісана пагадненне аб асновах пераходу да зоны свабоднага гандлю з Іранам. Вядуцца дыскусіі па поўнафарматным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем», – заявіў Сяргей Глазьеў. Ён таксама падкрэсліў, што першыя вынікі дае рэалізацыя ідэі спалучэння развіцця ЕАЭС і кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» – фарміруюцца пералікі прыярытэтных праектаў.

Міністр ЕЭК адзначыў, што Саюз адкрыты для далейшага пашырэння супрацоўніцтва і анансаваў падпісанне ў бліжэйшы час Мемарандума аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і Сакратарыятам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які, па сутнасці, дапоўніць дыялог ЕАЭС – АСЕАН і працягне закладваць падмурак для фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства.

Сяргей Глазьеў зрабіў акцэнт на безумоўнай павазе разнастайнасці культур і разнастайнасці эканамічных магчымасцяў патэнцыйных удзельнікаў ВЕП.

«У свеце фарміруецца новы мірагаспадарчы ўклад, які спалучае стратэгічнае планаванне і рыначную самаарганізацыю, дзяржаўны кантроль за абаротам грошай і прыватнае прадпрымальніцтва. Наўрад ці можна навязаць нашаму еўразійскаму кантыненту нейкія посныя стандартныя формы, – падкрэсліў міністр ЕЭК. – Наша сумесная гісторыя дае мноства прыкладаў таго, як можна ў рамках велізарнай Еўразіі фарміраваць наша агульнае бачанне будучыні і паспяхова яго рэалізоўваць».

Падчас сесіі сваімі меркаваннямі аб перспектывах фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства падзялілася таксама дырэктар Дэпартамента развіцця інтэграцыі ЕЭК Гоар Барсегян.

Яна падкрэсліла значэнне ВЕП як перспектыўнай пляцоўкі для дыялогу Еўразіі, якая адкрывае магчымасці для прадметнага абмеркавання актуальных пытанняў менавіта паміж найбліжэйшымі суседзямі.

«У Еўразіі, вядома, ёсць фарматы для дыялогу – гэта і ШАС, і СНД, і АСЕАН, і іншыя структуры, аднак сучасныя рэаліі дыктуюць неабходнасць больш універсальнага фармату, і такі запыт становіцца ўсё выразней, – заявіла Гоар Барсегян. – Больш таго, тэм, якія трэба абмяркоўваць на ўзроўні макрарэгіенаў, становіцца ўсё больш. З мінулага года гэта ў першую чаргу пытанні аховы здароўя. У бягучым годзе новую якасць атрымліваюць дыскусіі аб зялёным развіцці эканомік. Пры гэтым шмат і традыцыйных пытанняў, адказы на якія добра б усё ж выпрацоўваць з улікам рэгіянальнай спецыфікі і інтарэсаў Еўразіі».

Дырэктар Дэпартамента ЕЭК таксама пракаменціравала тэзіс аб тым, што канцэптуальным фактарам пры фарміраванні ВЕП з'яўляецца прастора даверу. На яе думку, давер – гэта цалкам адчувальная субстанцыя, цікавая як для ўрадаў, так і для бізнесу. Пад даверам трэба разумець сярод іншага прадказальнасць у дзеяннях і ключавых кроках у галіне рэгуляторыкі знешнегандлёвай дзейнасці і стварэння спрыяльных умоў для дзелавых колаў.

«Фарміраванне такой прасторы даверу будзе адбывацца значна больш эфектыўна, калі ў гэтым будуць удзельнічаць не толькі нацыянальныя ўрады, але інтэграцыйныя аб'яднанні. Такая канструкцыя дазволіць улічваць інтарэсы максімальна шырокай колькасці ўдзельнікаў і як нельга лепш адстойваць прынцыпы шматпалярнасці ў міжнародных адносінах», – рэзюмавала Гоар Барсегян.

У дыскусіі прынялі ўдзел Генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Уладзімір Нораў, дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў (РІСД) Міхаіл Фрадкоў, дырэктар Казахстанскага інстытута стратэгічных даследаванняў пры Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан (КІСД) Зарэма Шаўкенава, генеральны дырэктар Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу (АЕБ) Тадзіа Шылінг, прадстаўнікі экспертных колаў краін Еўразіі. Мадэратарам сесіі выступіў Пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі Кірыл Барскі.