Пра актуальныя пытанні мытнага рэгулявання ў Еўразійскім эканамічным саюзе распавёў міністр па мытным супрацоўніцтве Еўразійскай эканамічнай камісіі Руслан Давыдаў на навукова-практычнай канферэнцыі «Мытня: учора, сёння, заўтра». Абмеркаваны пытанні лічбавізацыі, узаемадзеяння з бізнесам, міжнароднай інтэграцыі і ўдасканалення заканадаўства.
Паводле слоў Руслана Давыдава, сусветны вопыт паказвае, што інтэграцыйныя працэсы могуць быць паспяховымі толькі пры ўмове цеснага супрацоўніцтва краін-удзельніц у галіне мытнага рэгулявання. А адной з асноўных задач мытні з'яўляецца спрашчэнне і паскарэнне працэдур гандлю, што ў выніку прыводзіць да зніжэння выдаткаў, павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю і стварэння камфортнага бізнес-асяроддзя.
Сёння мытныя органы актыўна ўкараняюць сучасныя тэхналогіі, такія як электронная дэкларацыя і аўтаматызаваныя сістэмы кантролю, што дазваляе значна палепшыць эфектыўнасць працы і паменшыць час апрацоўкі грузаў на межах. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае новыя магчымасці для бізнесу, стымулюе інвестыцыі і стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі краін-удзельніц еўразійскіх інтэграцыйных аб'яднанняў.
«У нас па Дагаворы аб ЕАЭС адзінае мытнае рэгуляванне, адзіная мытная тэрыторыя, адзіны рэжым гандлю таварамі з трэцімі краінамі, і нам трэба імкнуцца да ўніфікацыі. Гэта пытанне і міжнароднай канкурэнтаздольнасці нашага Саюза як адзінай мытнай тэрыторыі, яе транзітнага патэнцыялу, – адзначыў Руслан Давыдаў. – Адна сёмая частка сушы – гэта Еўразійскі саюз, гэта мост паміж Кітаем і Еўропай. Усё ж такі гэтыя нашы геаграфічныя перавагі трэба ў поўнай меры рэалізоўваць».
У сувязі з тым, што канферэнцыя прайшла напярэдадні Дня Перамогі, міністр па мытным супрацоўніцтве ЕЭК асобную ўвагу надаў унёску мытнікаў у дасягненне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён падкрэсліў, што асноўныя маршруты пастаўкі тавараў падчас вайны праходзілі праз Далёкі Ўсход і Ісламскую Рэспубліку Іран, што ў цэлым адпавядае актыўнаму развіццю міжнародных калідораў «Захад – Усход» і «Поўнач – Поўдзень».