Навіны

25.11.2022 (Обновлено: 02.12.2022 10:20)

Савет ЕЭК устанавіў адзіныя патрабаванні да шакаладу, шакаладных вырабаў і какава-прадуктаў

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі зацвердзіў змяненні ў тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі». Змяненні датычацца пытанняў устанаўлення адзіных для краін ЕАЭС патрабаванняў да шакаладу, шакаладных вырабаў і какава-прадуктаў.
Паводле змяненняў у тэхрэгламент да шакаладу адносяць горкі, цёмны, звычайны, салодкі, малочны, экстрамалочны, белы шакалад, шакалад з начыннем і шакалад у парашку; да шакаладных вырабаў – кандытарскія вырабы, якія ўтрымліваюць 25% і больш адлучнай складовай часткі шакаладу ад агульнай масы вырабу; да какава-прадуктаў – какаву цёртую, алей какавы, какава-парашок, какава-крупку і какава-жмых.

Па новых абавязковых патрабаваннях шакалад, які выпускаецца ў абарачэнне ў ЕАЭС, павінен змяшчаць 35% і больш агульнага сухога астатку какава, у тым ліку 18% і больш алею какавы.

Для вытворчасці шакаладу не дапускаецца выкарыстоўваць жывёльныя тлушчы, за выключэннем малочнага тлушчу, але дапускаецца выкарыстоўваць эквіваленты алею какава і (або) паляпшальніка алею какава SOS-тыпу, сумарная масавая доля якіх у шакаладзе не павінна перавышаць 5%.

Для вытворчасці шакаладу і какава-прадуктаў не дапускаецца выкарыстоўваць араматызатары, якія імітуюць густ і (або) водар шакаладу або какава-прадуктаў. Для вытворчасці малочнага, экстрамалочнага і белага шакаладу не дапускаецца выкарыстоўваць араматызатары, якія імітуюць густ і (або) водар малака або вяршкоў, малочнага тлушчу.

Шакалад з начыннем павінен утрымліваць 25% і больш адлучнай ад начыння вонкавай часткі шакаладу. Пры гэтым да шакаладу з начыннем не адносяцца хлебабулачныя (у тым ліку здобныя) вырабы, мучныя кандытарскія вырабы і марозіва, пакрытыя шакаладам.

Змяненні ў тэхрэгламент будуць садзейнічаць насычэнню спажывецкага рынку якаснай прадукцыяй.

Распрацоўшчык дакумента — Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці («Белдзяржхарчпрам»). Патрабаванні да шакаладу гарманізаваны з міжнароднымі стандартамі Кодэкса Аліментарыус.

 

Дакумент уступіць у сілу праз 210 дзён ад даты афіцыйнага апублікавання.