Навіны

14.10.2021

Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС далі старт другому этапу стварэння агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікі дзяржаў еўразійскай «пяцёркі» прынялі рашэнне аб пераходзе да другога этапу стварэння агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС. Гэты праект, безумоўна, забяспечыць паглыбленне інтэграцыі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза.

Таксама фактычна падведзены вынік першага этапу стварэння агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС: усе запланаваныя мерапрыемствы гэтага этапу выкананы. Напрыклад, зацверджаны Парадак прадстаўлення ўпаўнаважанымі органамі краін Саюза інфармацыі ў электроннай форме, узгоднены механізм абмену тэхналагічнай інфармацыяй паміж аператарамі сістэм транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў дзяржаў-членаў для забеспячэння бесперабойнай міждзяржаўнай транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў. Праведзены параўнальны аналіз заканадаўства краін Саюза ў нафтавай сферы, па выніках якога падрыхтавана зводная справаздача. Зацверджаны план мерапрыемстваў па гарманізацыі заканадаўства дзяржаў-членаў у нафтавай сферы. Усю гэту працу Камісія правяла сумесна з краінамі Саюза.

Усяго запланавана тры этапы стварэння агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС. З 2018 па 2021 гады, затым з 2021 па 2024 год. На заключным трэцім этапе — да 1 студзеня 2025 года — прадугледжана ўступленне ў сілу міжнароднага дагавора аб фарміраванні агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС. У гэтым дакуменце павінны быць адлюстраваны ключавыя пытанні стварэння і функцыянавання агульных рынкаў. Праект дагавора таксама ўжо падрыхтаваны, краіны ўдакладняюць яго дэталі.

Чаканыя эфекты ад запуску агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў могуць быць выяўлены ў павелічэнні аб'ёмаў паставак, аптымізацыі лагістыкі пры транспарціроўцы, павелічэнні аб'ёмаў перапрацоўкі нафты і вытворчасці нафтапрадуктаў.