Навіны

02.10.2024

Вынікі Еўразійскага міжурадавага савета

Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 1 кастрычніка ў Ерэване (Рэспубліка Арменія) разгледзелі 22 пытанні.

Міжурадсавет зацвердзіў Правілы інфармацыйнага абмену на агульным электраэнергетычным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта завяршальны дакумент у камплекце правілаў функцыянавання агульнага рынку электраэнергіі, прыняцце якіх прадугледжана Дагаворам аб ЕАЭС.

Зацверджана дарожная карта па рэалізацыі Асноўных напрамкаў і этапаў рэалізацыі скаардынаванай (узгодненай) транспартнай палітыкі дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза на 2024 – 2026 гады.

Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС ухвалілі распараджэнне па гарманізацыі заканадаўства краін еўразійскай «пяцёркі» ў галіне грамадзянскай авіяцыі. Урады краін ЕАЭС да 1 студзеня 2025 года арганізуюць працу па гарманізацыі заканадаўства дзяржаў-членаў у адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі ў сферы лётнай прыдатнасці паветраных суднаў.

Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі канцэпцыю фарміравання агульнага біржавога рынку тавараў. Галоўнымі мэтамі стварэння агульнага біржавога рынку тавараў з'яўляюцца фарміраванне аб'ектыўных рыначных цэн на біржавыя тавары, рост аб'ёмаў гандлю ў Саюзе, павелічэнне долі разлікаў у нацыянальных валютах і фарміраванне справядлівага цэнаўтварэння на тавары ЕАЭС на сусветным рынку. Пры гэтым пытанні біржавога гандлю энергетычнымі таварамі будуць узгадняцца ў рамках працы па фарміраванні агульных рынкаў энергетычных рэсурсаў.

Міжурадсавет разгледзеў справаздачу аб залічэнні і размеркаванні паміж бюджэтамі краін Еўразійскага эканамічнага саюза сум увазных мытных пошлін у 2023 годзе. Згодна з дакументам, паступленні ўвазных пошлін у бюджэты дзяржаў-членаў павялічыліся на 46,8% у параўнанні з 2022 годам, дасягнуўшы рэкордных 14,8 млрд долараў. Сабраная і размеркаваная ў 2023 годзе сума пошлін максімальная з 2015 года.

Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза 1 кастрычніка ў Ерэване зацвердзілі сярэднетэрміновы стратэгічны дакумент – Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС да 2030 года. Новыя сярэднетэрміновыя арыенціры для прамысловага супрацоўніцтва адпавядаюць тэндэнцыям развіцця прамысловасці ў Саюзе. Таксама ўхвалены сумесныя прагнозы развіцця аграпрамысловага комплексу, балансы попыту і прапановы дзяржаў-членаў па сельскагаспадарчай прадукцыі, харчаванні, ільновалакне, гарбарнай сыравіне, баваўняным валакне і воўне на 2024 – 2025 гады.

Акрамя таго, на палях Еўразійскага міжурадавага савета Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў і Прэм'ер-міністр Рэспублікі Узбекістан Абдула Арыпаў падпісалі план сумесных мерапрыемстваў Еўразійскай эканамічнай камісіі і Ўрада Рэспублікі Узбекістан на 2024 – 2026 гады.

У рамках пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета адбылася афіцыйная цырымонія гашэння паштовых марак з нагоды дзесяцігоддзя падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе з удзелам кіраўнікоў урадаў дзяржаў - членаў ЕАЭС.

Міжурадсавет вызначыў, што наступнае пасяджэнне адбудзецца 12-13 снежня ў Маскве.

У пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета прынялі ўдзел кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза – Старшыня ЕМУС, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка, Прэм'ер-Міністр Рэспублікі Казахстан Алжас Бектэнаў, Старшыня Кабінета Міністраў – Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Акылбек Жапараў, Старшыня Ўрада Расійскай Федэрацыі Міхаіл Мішусцін, а таксама Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў. У пасяджэнні таксама прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Узбекістан Абдула Арыпаў і Першы Віцэ–прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран Махамад-Рэза Арэф.