Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза гуляюць важную ролю ў знешнегандлёвых сувязях Ніжагародскай вобласці. Па выніках 2021 года ў параўнанні з папярэднім годам сумарны аб'ём экспарту з Ніжагародскай вобласці ў дзяржавы Саюза вырас амаль у паўтара раза (на 42,4%), а сумарны аб'ём імпарту з краін ЕАЭС павялічыўся больш чым на траціну (на 35%). Пра гэта на сустрэчы з бізнес-супольнасцю Ніжагародскай вобласці заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.
Кіраўнік Камісіі адзначыў, што асноўнымі партнёрамі для Ніжагародскай вобласці з'яўляюцца дзве краіны ЕАЭС: Беларусь, на долю якой прыпадае амаль 70% знешнегандлёвага абароту вобласці з краінамі ЕАЭС, і Казахстан – больш за 20%. Доля Арменіі і Кыргызстана – каля 3%.
«Але мяркую, што ў прадпрыемстваў рэгіёну ёсць значны патэнцыял для пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з вытворцамі і гэтых краін ЕАЭС», – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Вялікую цікавасць краіны Саюза праяўляюць да супрацоўніцтва з ніжагародскімі інавацыйна-тэхналагічнымі кампаніямі ў сферы распрацоўкі рабатызаваных комплексаў, у тэкстыльнай прамысловасці, радыёэлектроніцы, вытворчасці будаўнічага абсталявання і матэрыялаў, прамысловага інструмента, праектаванні памяшканняў і суднавага абсталявання, дрэваапрацоўцы, металургіі, у вытворчасці аўта- і бытавой хіміі, гандлі.
«Вытворчыя высокатэхналагічныя малыя і сярэднія кампаніі – гэта пункты росту для эканомік краін ЕАЭС. Каб развівацца, такім прадпрыемствам патрэбныя навуковыя даследаванні і спецыялізаванае абсталяванне, асаблівыя кампетэнцыі і дадатковыя меры падтрымкі на нацыянальным і наднацыянальным узроўнях. Усе гэтыя меры ўключаюць у сябе тэхнапаркі – іх паслугі даўно карыстаюцца ўстойлівым попытам у інавацыйнага бізнесу ў Расіі і Беларусі», – адзначыў Міхаіл Мясніковіч і паведаміў таксама пра актыўную працу па развіцці інавацыйнай інфраструктуры для прадпрыемстваў ЕАЭС і на пляцоўцы Камісіі.
Асобная размова ішла пра імпартазамяшчэнне і тэхналагічны суверэнітэт, якія выступаюць аднымі з асноўных мэт прамысловай палітыкі ЕАЭС.
«У якасці станоўчага прыкладу для развіцця гэтага напрамку можна прывесці «Цэнтр імпарту і імпартазамяшчэння» ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ён можа стаць добрай пляцоўкай па пошуку партнёраў для ніжагародскіх прадпрыемстваў у ЕАЭС і рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў», – адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК.
Міхаіл Мясніковіч распавёў, што на ўзроўні ЕАЭС створана Камісія, якая праводзіць сістэмную працу па развіцці кааперацыйных сувязяў з улікам замяшчэння прадукцыі, увоз якой у Саюз складае значную частку ад аб'ёмаў імпарту.
«Сфарміравана і размешчана на сайце Саюза карта індустрыялізацыі ЕАЭС, сёння ў ёй прадстаўлена 158 інвестыцыйных праектаў у 25 галінах на агульную суму больш за 270 млрд дол. ЗША», – праінфармаваў суразмоўцаў кіраўнік Калегіі ЕЭК.
Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў важнасць зняцця бар'ераў на агульным рынку Саюза для развіцця кааперацыйных сувязяў у аспекце імпартазамяшчэння. Для гэтага, па яго словах Камісія на сістэмнай аснове праводзіць апытанне сістэмаўтваральных прадпрыемстваў краін ЕАЭС для выяўлення і ліквідацыі бар'ераў у сферы прамысловага супрацоўніцтва.
«У мэтах падтрымкі кааперацыйных праектаў нашых вытворцаў Камісія распрацоўвае наднацыянальныя механізмы фінансавання з удзелам Еўразійскага банка развіцця», – дадаў Міхаіл Мясніковіч.
Па словах старшыні Калегіі ЕЭК, новым механізмам, які распрацоўваецца Камісіяй, з'яўляецца субсідзіраванне працэнтных ставак па крэдытах і пазыках, якія выдаюцца прадпрыемствам фінансавымі арганізацыямі пад кааперацыйныя праекты ў прамысловасці.
«Прэзідэнты краін Саюза на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў снежні 2022 года падтрымалі гэту ініцыятыву Камісіі. Па папярэдніх разліках, фонд субсідзіравання, які ствараецца, забяспечыць фінансаванне праектаў на суму каля 16-17 млрд рублёў штогод. Мы плануем пачаць фінансаванне з 2024 года», – растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.
«Менавіта ў гэтым пытанні мы разлічваем на актыўны ўдзел бізнесу, які дазволіць сфарміраваць механізм найбольш камфортнай працы па кааперацыі», – падкрэсліў Старшыня Калегіі ЕЭК.
У завяршэнне Міхаіл Мясніковіч падзякаваў Ураду Ніжагародскай вобласці і бізнес-супольнасці за арганізацыю мерапрыемства і запрасіў да сумеснай працы на пляцоўцы Камісіі.
Даведка
У сустрэчы са Старшынёй Калегіі ЕЭК Міхаілам Мясніковічам прынялі ўдзел больш за 50 ніжагародскіх прадпрымальнікаў. Сустрэча адбылася ў тэхнапарку «Анкудзінаўка».
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел: намеснік Губернатара Ніжагародскай вобласці Ягор Палякоў, міністр прамысловасці, гандлю і прадпрымальніцтва Ніжагародскай вобласці Максім Чаркасаў, кіраўнік адасобленага падраздзялення АТ «Расійскі экспартны цэнтр» у г. Ніжнім Ноўгарадзе Мікалай Яроеў, кіраўнік рэгіянальнага Цэнтра падтрымкі экспарту (ЦПЭ НА) Вольга Бронцава, намеснік дырэктара цэнтра імпарту і імпартазамяшчэння (ЦІІЗ НА) Сяргей Рабаў, прадстаўнікі інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва рэгіёну, прамысловых прадпрыемстваў вобласці.