Навіны

30.09.2024

Новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва абмеркавалі падчас бізнес-дыялогу «ЕАЭС–Куба»

У мэтах інтэнсіфікацыі гандлю краінам Еўразійскага эканамічнага саюза і Кубе варта больш актыўна працаваць над пашырэннем кантактаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў. Да такой думкі прыйшлі эксперты падчас бізнес-дыялогу «ЕАЭС–Куба», які адбыўся 30 верасня ў рамках праграмы Еўразійскага эканамічнага форуму ў Ерэване.

«Куба з'яўляецца адным з ключавых партнёраў ЕАЭС у рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Мы бачым практычную цікавасць прадпрымальніцкай супольнасці да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як фармацэўтыка, медыцынскія паслугі, вытворчасць сельгаспрадукцыі, энергетыка, транспарт», – адзначыла міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Гоар Барсегян.

Гоар Барсегян падкрэсліла, што ЕЭК прапануе для развіцця ўзаемадзеяння паміж дзелавымі коламі ЕАЭС і Кубы сваю інфраструктуру. У рамках пасяджэнняў сумеснай камісіі, якая заснавана Мемарандумам аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і Ўрадам Кубы, праходзяць бізнес-семінары або бізнес-місіі з удзелам прадпрымальнікаў з краін Саюза і Кубы, традыцыйна кампаніі з краін Саюза ўдзельнічаюць у найбуйнейшым кубінскім кангрэсна-выставачным мерапрыемстве-кірмашы FIHAV.

Напрамкі супрацоўніцтва, на якіх краінам ЕАЭС і Кубе варта засяродзіць намаганні, асвятліла намеснік міністра знешняга гандлю і замежных інвестыцый Кубы Дэборах Рывас Сааведра. Гэтыя сферы звязаны з моцнымі бакамі кубінскай эканомікі – турызмам, лёгкай прамысловасцю, вытворчасцю напояў і прадуктаў харчавання.

Прадстаўнікі дзелавых колаў Кубы і эксперты з краін Саюза адзначылі магчымасць стварэння на Кубе сумесных прадпрыемстваў для выхаду на спажывецкі рынак усяго лацінаамерыканскага рэгіёну. Такія СП маглі б заняцца вытворчасцю цытрусавых, свініны і мяса птушкі, мадэрнізацыяй кубінскіх прамысловых вытворчасцяў, лічбавай трансфармацыяй эканомікі, вытворчасцю арганічных угнаенняў і іншых тавараў для экспарту як у краіны ЕАЭС, так і трэція краіны рэгіёну, а таксама генерацыяй электраэнергіі з выкарыстаннем сонечных панэляў.

Прапановамі па развіцці ўзаемадзеяння і больш якасным задзейнічанні наяўнага гандлёва-эканамічнага патэнцыялу падзяліўся віцэ-прэзідэнт Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Сяргей Красільнікаў. У цэлым гэтыя прапановы звязаны з неабходнасцю больш шчыльнай працы па такіх напрамках, як праваадносіны ў галіне землекарыстання і інтэлектуальнай уласнасці, функцыянаванне на Кубе мабільнай сувязі і плацежных сістэм, адкрыццё філіялаў банкаў, удасканаленне лагістыкі, у тым ліку заход у марскія парты суднаў пад сцягамі трэціх краін, рэгуляванне кубінскага рынку працы і інш.

У бізнес-дыялогу таксама прынялі ўдзел: выканаўчы сакратар Дзелавога савета ЕАЭС (мадэратар) Сяргей Міхневіч; дырэктар кампаніі «АЭРАВАРАДЭРА» Кармэн Арыас Суарэс; віцэ-прэзідэнт кампаніі «Гаўёта» Раберта Энрыкес Кальсадзілья (Турызм); віцэ-прэзідэнт Саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Арменіі Армэн Марцірасян; прэзідэнт Гандлёвай палаты Кубы Антоніа Луіс Карыкартэ Карона; намеснік дырэктара Лацінаамерыканскага дэпартамента МЗС Расіі Андрэй Гуськоў; віцэ-прэзідэнт кампаніі «БіяКубаФарма» Еўлогіа Піментэл Васкес; намеснік міністра прамысловасці Кубы Хасэ Гаспар Альварэс Сандовал; намеснік міністра сельскай гаспадаркі Кубы Маўры Эчаварыя Бермудэс.