Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі 12 снежня ўхваліў распрацоўку праекта Міждзяржаўнай праграмы «Еўразійскі электробус». Дакумент падрыхтаваны па ініцыятыве Беларусі ў мэтах развіцця рэкамендацыі Савета Камісіі ад 15 лютага бягучага года аб развіцці кааперацыйнага супрацоўніцтва краін Еўразійскага эканамічнага саюза пры фарміраванні і рэалізацыі праектаў у галіне электрамабілебудавання.
«Галоўнай мэтай Міждзяржаўнай праграмы з'яўляецца задавальненне патрэбаў саюзнага рынку электробусаў у высокалакалізаванай прадукцыі, вырабленай у нашым Саюзе», – падкрэсліў міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Артак Камалян.
Па словах міністра ЕЭК, для дасягнення гэтай мэты патрабуецца вырашыць шэраг задач, у прыватнасці, абнавіць абсталяванне і стварыць серыйную вытворчасць вузлоў і агрэгатаў для электробусаў, павялічыць аб'ём выпуску такіх кампанентаў.
Трэба будзе таксама ўзмацніць кампетэнцыю еўразійскіх пастаўшчыкоў абсталявання і кампанентаў для электробусаў, павысіць узровень лакалізацыі вытворчасці субкампанентаў для іх. Сярод іншых важных задач – развіццё навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх кампетэнцый у сферы вытворчасці электробусаў, скарачэнне імпартнага складніка ў кошце кампанентаў.
Удзел у распрацоўцы і рэалізацыі праекта Міждзяржаўнай праграмы пацвердзілі наступныя беларускія і расійскія прадпрыемствы: ААТ «ККХ «Белкамунмаш», Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, ААТ «МАЗ» (Рэспубліка Беларусь), ПАТ «Камаз», ДК «Расатам» (Расійская Федэрацыя). Гэта толькі ключавыя арганізацыі, з якімі ў тым ці іншым выглядзе абмяркоўвалася ідэя распрацоўкі міждзяржпраграмы.