Перейти на старую версию сайта

News

17.11.2021 (Обновлено: 18.01.2022 09:32)

ЕЭК і Афрыканскі саюз гатовы прадоўжыць дзеянне Мемарандума аб узаемаразуменні і правесці сумесныя мерапрыемствы ў 2022 годзе

Перспектывы далейшага супрацоўніцтва, абмен інтэграцыйным вопытам і актывізацыю дыялогу для развіцця бізнесу 16 лістапада абмеркавалі на сустрэчы Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Камісіі Афрыканскага саюза (КАС) Муса Факі Махамат. Старшыня Калегіі ЕЭК адзначыў дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін краін ЕАЭС з краінамі Афрыкі і падкрэсліў, што дыялог ЕАЭС з Афрыканскім саюзам (АС) з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў яго міжнароднай дзейнасці.

Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што ў 2018 годзе тавараабарот ЕАЭС з дзяржавамі Афрыкі дасягнуў рэкорднага паказчыка – 21,7 млрд дол. Нягледзячы на тое што ў 2019 - 2020 гадах мела месца некаторае зніжэнне яго ўзроўню (да 15,5 млрд дол. па выніках 2020 года), за дзевяць месяцаў 2021 года рост усіх паказчыкаў знешняга гандлю аднавіўся.

«Тавараабарот дасягнуў амаль 13,5 млрд дол. і павялічыўся амаль на 40% у гадавым вылічэнні. Такія тэмпы росту сведчаць аб дасягненні аб’ёмаў гандлю паміж нашымі краінамі на ўзроўні рэкорднага 2018 года. Аднак доля Афрыканскага саюза ў аб’ёме знешняга гандлю з краінамі па-за межамі ЕАЭС пакуль не вялікая і складае каля 2%, што сведчыць аб вялікім патэнцыяле для нарошчвання знешняга гандлю і пашырэння іншых напрамкаў інтэграцыйнага ўзаемадзеяння», – адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Па словах старшыні Калегіі ЕЭК, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Афрыканскім саюзам у галіне эканамічнага супрацоўніцтва, які быў падпісаны ў кастрычніку 2019 года, адкрыў акно магчымасцяў для шэрагу напрамкаў гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і тым самым вызначыў механізмы іх рэалізацыі.

У прыватнасці, у якасці прыярытэтных сфер такога супрацоўніцтва пазначаны інфраструктура і сельская гаспадарка; гандаль, інвестыцыі і развіццё прадпрымальніцтва; рэгіянальная эканамічная інтэграцыя, а таксама іншыя галіны, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць.

У сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння мемарандума ў кастрычніку наступнага года Міхаіл Мясніковіч прапанаваў Афрыканскаму Саюзу загадзя запусціць працэдуру пралангацыі дакумента шляхам абмену адпаведнымі нотамі.

Таксама падчас сустрэчы бакі абмеркавалі прапановы па праекце плана сумесных мерапрыемстваў на 2022 год, пытанні далейшага прасоўвання дыялогу ЕАЭС з Афрыканскім саюзам, падключэнне да гэтай працы як афіцыйных, так і дзелавых колаў, арганізацыю рабочай сустрэчы з прадстаўнікамі ЕЭК, Афрыканскага саюза і ўсіх субрэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў Афрыкі.

«У ЕЭК і Камісіі Афрыканскага саюза ёсць вопыт правядзення шэрагу паспяховых сумесных мерапрыемстваў, якія адбыліся ў тым ліку ў рамках буйных самітаў, такіх як «Расія – Афрыка». Мы маглі б правесці сумесную працу па фарміраванні інтэграцыйнага сегмента і арганізаваць агульнае мерапрыемства ў рамках праграмы саміту «Расія – Афрыка» ў 2022 годзе», – прапанаваў Міхаіл Мясніковіч.

На думку старшыні Калегіі, мемарандум паміж ЕЭК і АС, праект плана па яго рэалізацыі, а таксама сфарміраваная інфраструктура для супрацоўніцтва па лініі Расійскай Федэрацыі ствараюць добрыя перадумовы для развіцця бізнес-кампаненты дыялогу ЕЭК і КАС.

«Асаблівае месца ў гэтым працэсе можа заняць Дзелавы Савет ЕАЭС, які аб’ядноўвае бізнес-колы пяці краін, у тым ліку ў кантэксце прэзентацыі лепшых нацыянальных практык па ўзаемадзеянні з Афрыкай. Прапануем падумаць над падключэннем да гэтага працэсу афрыканскіх бізнес-асацыяцый для актывізацыі абмену вопытам паміж дзелавымі коламі», – заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Таксама Старшыня Калегіі ЕЭК звярнуў увагу на магчымасць абмену інтэграцыйным вопытам паміж камісіямі, у тым ліку з дапамогай правядзення рознага роду брыфінгаў і семінараў у анлайн-фармаце. Ён падкрэсліў важнасць арганізацыі сумесных мерапрыемстваў краін - удзельніц ЕАЭС і Афрыканскага саюза на міжнародных пляцоўках.

Са свайго боку Муса Факі Махамат адзначыў высокі эканамічны патэнцыял краін - удзельніц двух інтэграцыйных утварэнняў са шматмільённым насельніцтвам і выказаў зацікаўленасць у далейшай дыверсіфікацыі партнёрскіх адносін паміж ЕАЭС і Афрыканскім саюзам.

«Мы таксама бачым неабходнасць у пралангацыі Мемарандума аб узаемаразуменні і лічым вельмі важным ўдакладніць сферы нашага далейшага супрацоўніцтва. Саміт «Расія – Афрыка», які мае адбыцца ў 2022 годзе, – гэта выдатная магчымасць для нашых саюзаў правесці ўласнае мерапрыемства на яго палях, пазнаёміцца бліжэй і даць магчымасць прадстаўнікам бізнес-колаў лепей даведацца адзін пра аднаго і ўмацаваць наша ўзаемадзеянне. Афрыканскі кантынент адкрывае шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, электраэнергетыкі, камунікацый, стварэння неабходнай інфраструктуры. Мы гатовыя абмяркоўваць розныя варыянты нашага партнёрства на карысць двух саюзаў», – рэзюмаваў Муса Факі Махамат.

Па выніках мерапрыемства Старшыня Камісіі Афрыканскага саюза пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Даведка

Афрыканскі саюз – міжнародная міжурадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае 55 дзяржаў Афрыкі з насельніцтвам каля 1 мільярда чалавек. Камісія Афрыканскага саюза з’яўляецца яго паўнамоцным органам, размешчаным у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе. Экспарт ЕАЭС у афрыканскія краіны па выніках першых дзевяці месяцаў 2021 года вырас адносна ўзроўню аналагічнага перыяду папярэдняга года да 10,7 млрд дол. (+46,6%).

Імпарт краін ЕАЭС з Афрыкі ў студзені - верасні 2021 года склаў 2,6 млрд дол. (+11%).

Звыш за 80% экспарту краін ЕАЭС у Афрыку прыпадае на пяць краін – Егіпет, Алжыр, Марока, ПАР і Сенегал.