Навіны

25.09.2023

Міхаіл Мясніковіч адзначыў рост і развіццё машынабудаўнічай галіны ЕАЭС

Пра гэта ў рамках Дня машынабудаўніка Рэспублікі Беларусь заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.

«Нягледзячы на выклікі, з якімі давялося сутыкнуцца прадпрыемствам галіны ва ўмовах санкцыйнага ціску, па выніках шасці месяцаў бягучага года галіна ў цэлым вырасла на 12,4%. Пры гэтым павелічэнне аб'ёмаў выпуску прадукцыі апрацоўчай прамысловасці краін Еўразійскага эканамічнага саюза склала 6,1%, а ў цэлым па прамысловасці – 2,8%, што сведчыць аб апераджальным росце аб'ёмаў вытворчасці ў машынабудаванні і наяўным патэнцыяле прамысловай інтэграцыі», – адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што сёння Беларусь – адзін з асноўных пастаўшчыкоў уборачнай тэхнікі, трактароў, станкоў і іншай спецтэхнікі не толькі ў дзяржавы СНД, але і ў шэраг трэціх краін.

«МАЗ, БелАЗ, «Атлант», Гомсельмаш, Мінскі трактарны і маторны заводы, Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання – гэта брэнды, якія ўстаяліся, а іх прадукцыя карыстаецца попытам не толькі на рынку ЕАЭС, але і паспяхова канкурыруе з замежнымі аналагамі на сусветных рынках, часцяком перасягаючы іх па вытворчых і эканамічных паказчыках», – сказаў Міхаіл Мясніковіч.

На выставе, якая адбылася ў рамках Дня машынабудаўніка, беларускія прадпрыемствы прадэманстравалі некалькі інавацыйных мадэляў тэхнікі, такія як беспілотны трактар, лінейку сучаснай аўтамабільнай тэхнікі МАЗ, бытавую тэхніку «Атланта» і «Віцязя».

Работнікам і ветэранам галіны Старшыня Калегіі ЕЭК уручыў памятныя ўзнагароды ад імя Еўразійскай эканамічнай камісіі, падзякаваўшы ім за нялёгкую і добрасумленную працу і адзначыў высокі прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, гэтыя якасці дазваляюць беларускім вытворцам і далей развіваць машынабудаўнічы комплекс краін ЕАЭС.