Навіны

31.08.2022

ЕАЭС – Узбекістан: супрацоўніцтва ў мэтах нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў

Прапановы па паступальным развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Рэспублікай Узбекістан выпрацаваныя падчас 2-га пасяджэння сумеснай рабочай групы па ўзаемадзеянні паміж ЕЭК і Ўрадам Узбекістана. Мерапрыемства прайшло 30 жніўня ў штаб-кватэры ЕЭК у вочным фармаце пад сустаршынствам міністра па інтэграцыі і макраэканоміцы Камісіі Сяргея Глазьева і намесніка міністра інвестыцый і знешняга гандлю Рэспублікі Узбекістан Бадрыдзіна Абідава. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі ЕЭК, органаў дзяржаўнага кіравання Узбекістана і дзяржаў - членаў ЕАЭС, а таксама дзелавых колаў.

Сяргей Глазьеў адзначыў, што Узбекістан з'яўляецца бліжэйшым партнёрам ЕАЭС як з пункту гледжання маштабаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, так і з пункту гледжання якасці і глыбіні ўзаемадзеяння.

«Вынікі сумесных намаганняў з выкарыстаннем магчымасцяў, якія Узбекістану дае статус назіральніка пры ЕАЭС, не прымусілі сябе чакаць – мы канстатуем рост па ўсіх паказчыках гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Значнасць ЕАЭС і Узбекістана адзін для аднаго як гандлёвых партнёраў пастаянна павышаецца, і з моманту стварэння ЕАЭС тавараабарот дзяржаў Саюза з Узбекістанам вырас у два разы. Летась ён перавысіў 11 млрд долараў», – падкрэсліў Сяргей Глазьеў.

«Для Узбекістана ЕАЭС з'яўляецца найважнейшым гандлёвым партнёрам. З задавальненнем адзначаю прадуктыўнасць і змястоўнасць дыскусіі, якая спрыяла рэалізацыі ініцыятыў кіраўніка Узбекістана па актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Узбекістана з ЕАЭС і вырашэнні задач па нарошчванні гандлёва-эканамічных сувязяў паміж Узбекістанам і ЕАЭС, якія ставіць Урад Узбекістана ў рамках выкарыстання статусу дзяржавы - назіральніка пры ЕАЭС», – сказаў у сваю чаргу Бадрыдзін Абідаў.

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі падыходы да гарманізацыі нормаў тэхнічнага рэгулявання і ліквідацыі тэхнічных бар'ераў у гандлі; пытанні мытнага рэгулявання і прымянення навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак грузаў; рэалізацыю сумесных мерапрыемстваў у сферы прамысловай і аграпрамысловай кааперацыі; меры па развіцці транспартных калідораў, лічбавізацыі і паскарэнні чыгуначных грузаперавозак; прапановы па стымуляванні дзелавой актыўнасці паміж бізнес-супольнасцямі дзяржаў ЕАЭС і Рэспублікі Узбекістан і іншыя.

Дырэктар Дэпартамента развіцця інтэграцыі ЕЭК Гоар Барсегян адзначыла высокую ступень выканання сумесных планаў ЕЭК і Ўрада Узбекістана.

«З 108 мерапрыемстваў, прадугледжаных планам, выканана 70%. На выніковасць нашай сумеснай працы не мелі істотнага ўплыву ні эпідэміялагічныя абмежаванні, ні аніякія іншыя фактары», – адзначыла Гоар Барсегян.

Напярэдадні пасяджэння рабочай групы Камісія правяла для прадстаўнікоў Узбекістана тэматычныя семінары, на якіх яны змаглі атрымаць інфармацыю пра паўнамоцтвы органаў ЕАЭС, бягучы ўзровень інтэграцыі ў Саюзе, механізм нагляду за таварамі, якія перамяшчаюцца паміж дзяржавамі ЕАЭС і ўвозяцца на тэрыторыю Саюза з трэціх краін, а таксама пра аднесеныя да кампетэнцыі ЕЭК пытанні мытнага адміністравання.

Па выніках абмеркавання рабочая група выпрацавала прапановы па забеспячэнні паступальнага развіцця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж ЕАЭС і Узбекістанам. У прыватнасці, рэкамендавана прадоўжыць правядзенне галіновых кансультацый і семінараў, а таксама сумесных мерапрыемстваў па такіх пытаннях, як далейшая гарманізацыя ў сферы мытнага супрацоўніцтва; тэхнічнае рэгуляванне; санітарныя, фітасанітарныя і ветэрынарныя нормы і сістэмы рэгулявання; канкурэнцыя і дзяржаўныя закупкі; узаемадзеянне па пытаннях удзелу Узбекістана ў праекце «Еўразійскі аграэкспрэс»; прапрацоўка магчымасці ўдзелу Узбекістана ў праекце ЕАЭС па лічбавізацыі грузавых транспартных перавозак; стымуляванне кааперацыйных сувязяў і праграм паглыблення лакалізацыі ў сферах хімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі, машынабудавання, прыборабудавання, электратэхнікі, а таксама ў галіне аграпрамысловай кааперацыі.

Рабочая група рэкамендавала Дзелавому савету ЕАЭС і ГПП Узбекістана фармалізаваць супрацоўніцтва і прыступіць да арганізацыі аб'яднаных бізнес-місій. Дыскусія паказала, што важным крокам у раскрыцці патэнцыялу гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва магло б стаць правядзенне бізнес-форуму «ЕАЭС – Узбекістан».

Даведка

Узбекістану ў снежні 2020 года нададзены статус дзяржавы - назіральніка пры ЕАЭС. 30 красавіка 2021 года ў Казані падпісаны Мемарандум
аб узаемадзеянні паміж ЕЭК і Ўрадам Рэспублікі Узбекістан, а таксама зацверджаны План сумесных мерапрыемстваў ЕЭК і Ўрада Рэспублікі Узбекістан на 2021 - 2023 гады. Падчас візіту Старшыні Калегіі ЕЭК Міхаіла Мясніковіча ў Ташкент 12 ліпеня 2022 года гэты план быў дапоўнены новымі напрамкамі ўзаемадзеяння.

Рабочая група заснавана ў адпаведнасці з мемарандумам.

Узбекістан з'яўляецца значным знешнегандлёвым партнёрам ЕАЭС.
Згодна з данымі ЕЭК, у 2021 годзе тавараабарот ЕАЭС з гэтай краінай павялічыўся на 22,9% і дасягнуў 11,6 млрд дол. ЗША, у тым ліку экспарт вырас на 17,9% (да 8,5 млрд дол. ЗША), а імпарт – на 39,1% (да 3,1 млрд дол. ЗША).