Навіны

29.09.2022 (Обновлено: 11.10.2022 09:21)

ЕЭК удасканальвае сістэму мытнага агляду асоб, багажу і ручной паклажы

Еўразійская эканамічная камісія сумесна з экспертамі краін Еўразійскага эканамічнага саюза распрацоўвае адзіныя тыпавыя патрабаванні да сістэмы агляду (надгляду) асоб, багажу і ручной паклажы. Гэта дазволіць гарманізаваць падыход саюзных дзяржаў пры ажыццяўленні мытнага кантролю на ўсёй знешняй мяжы Саюза.

«Удасканаленне мытнага рэгулявання ў рамках ЕАЭС – адзін з важных напрамкаў нашай Стратэгіі-2025, – адзначае міністр па мытным супрацоўніцтве ЕЭК Максат Мамытканаў. – У ёй, у прыватнасці, ёсць пункт аб удасканаленні і ўніфікацыі тыпавых патрабаванняў да тэхнічнага абсталявання элементаў мытнай інфраструктуры ў месцах перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу Саюза, уключаючы сістэму агляду (надгляду) асоб, багажу і ручной паклажы».  

Пад такім перамяшчэннем разумеюцца дзеянні па ўвозе на мытную тэрыторыю ЕАЭС або вывазу з яе тавараў любым відам транспарту ў адпаведнасці з саюзным і нацыянальным заканадаўствам. І задача мытных органаў – не дапускаць увозу і вывазу тавараў, якія ўяўляюць небяспеку для грамадзян краін Саюза, а таксама тавараў, якія падпадаюць пад забароны і абмежаванні.

Пакуль у Саюзе ў пунктах пропуску няма адзіных для ўсіх дзяржаў-членаў патрабаванняў да сістэмы агляду (надгляду) асоб, багажу і ручной паклажы. Кожная краіна працуе тут у адпаведнасці са сваім заканадаўствам, з прычыны чаго ў аэрапортах, марскіх і рачных партах, чыгуначных вакзалах, аўтамабільных тэрміналах – усюды, дзе абсталяваны мытныя пункты пропуску, перыядычна ўзнікаюць праблемныя для ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці сітуацыі, звязаныя з адрозненнямі ва ўстаноўленых краінамі патрабаваннях да сістэм кантролю. Камісія і эксперты краін ЕАЭС хочуць гэта выправіць.

Ужо падрыхтаваны праект адпаведнага рашэння Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Чакаецца, што тыпавыя патрабаванні да добраўпарадкавання і тэхнічнага аснашчэння элементаў мытнай інфраструктуры, размешчаных у месцах перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу Саюза, названай вышэй сістэмы будуць прыняты да канца бягучага года. Гэта не толькі знізіць рызыку незаконнага перамяшчэння тавараў з парушэннем мытных патрабаванняў, але і дазволіць скараціць час правядзення мытных аперацый на мяжы.