Навіны

24.08.2022

ЕЭК зацвердзіла пералік мер па лічбавізацыі дзяржзакупак у краінах ЕАЭС

Распараджэннем Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі зацверджаны пералік мер па паўнавартаснай лічбавізацыі дзяржаўных закупак у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Пытанне разгледжана ў рамках рэалізацыі Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, а таксама пераліку мер па павышэнні ўстойлівасці эканомік краін-удзельніц.

Зацверджаны ЕЭК дакумент прадугледжвае прапрацоўку пытанняў, звязаных з фарміраваннем прававой асновы для правядзення ўсіх канкурэнтных працэдур закупак у электронным фармаце з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу, а таксама скарачэнне тэрмінаў правядзення такіх працэдур. Акрамя гэтага, у яго ўключаны мерапрыемствы, якія тычацца магчымага ўдасканалення наяўных закупачных інфармацыйных сістэм дзяржаў, стварэння ў іх дадатковых модуляў для фарміравання лічбавых рэестраў банкаўскіх гарантый, адсочвання змоў пры ажыццяўленні закупак.

Па словах міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Армана Шакаліева, дакумент забяспечыць добрасумленную канкурэнцыю паміж удзельнікамі дзяржзакупак.

«Лічбавізацыя працэдур дзяржзакупак у ЕАЭС – важны элемент забеспячэння паўнавартаснага доступу пастаўшчыкоў усіх краін ЕАЭС да ўдзелу ў закупках адзін аднаго. Пералік, які зацвердзіла Камісія, уключае ў сябе мерапрыемствы па ўдасканаленні праграмна-апаратных комплексаў вэб-парталаў, на якіх у дзяржавах Саюза ажыццяўляюцца дзяржзакупкі. Для якаснай рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў мы дамовіліся сфарміраваць працоўную групу з прадстаўнікоў упаўнаважаных органаў і аператараў гандлёвых сістэм. Хачу адзначыць, што мы сумесна з экспертамі краін ужо працуем над правіламі ўзаемнага прызнання нацыянальных ЭЛП, што з'яўляецца немалаважным для поўнай лічбавізацыі ў дзяржаўных закупках ЕАЭС», – пракаменціраваў дакумент Арман Шакаліеў.