18 верасня міністр па энергетыцы і інфраструктуры Еўразійскай эканамічнай камісіі Арзыбек Кожашаў сумесна з членамі Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у сферы энергетыкі і ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі краін ЕАЭС наведаў штаб-кватэру АТ «АГС». Гэта кампанія будзе ажыццяўляць функцыі аператара цэнтралізаванага гандлю на суткі наперад і рэгістратара на агульным электраэнергетычным рынку Саюза. Такое рашэнне раней было прынята Саветам ЕЭК.
Прадстаўнікі АГС прэзентавалі ўдзельнікам сустрэчы парадак ажыццяўлення функцый аператара цэнтралізаванага гандлю на суткі наперад і рэгістратара, якія прадугледжаны правіламі функцыянавання агульнага электраэнергетычнага рынку Саюза.
Падчас візіту вывучаны наяўныя рэсурсы прадпрыемства, якое забяспечвае надзейную і празрыстую работу расійскага аптовага рынку электраэнергіі і магутнасці, а таксама ход падрыхтоўкі да выканання АТ «АГС» сваіх функцый на агульным рынку Саюза і мадэрнізацыі тэхналагічнай пляцоўкі гандлю электраэнергіяй.
Арзыбек Кожашаў падзякаваў кіраўніцтву АТ «АГС» за арганізацыю сустрэчы і дэманстрацыю работы гандлёвай сістэмы электраэнергетычнага рынку, яе бізнес-працэсаў і праграмна-апаратнага комплексу і выказаў надзею, што разуменне функцыянавання тэхналагічнай асновы будучага рынку на суткі наперад будзе спрыяць больш хуткаму ўрэгуляванню рознагалоссяў паміж бакамі.
Даведка
Расійскае акцыянернае таварыства «Адміністратар гандлёвай сістэмы аптовага рынку электраэнергіі» (АГС) зарэгістравана 13 снежня 2007 года. У цяперашні час АТ «АГС» – 100% даччыная кампанія Асацыяцыі «НП Савет рынку».
АТ «АГС» створана ў мэтах ажыццяўлення дзейнасці па арганізацыі гандлю на аптовым рынку электрычнай энергіі і магутнасці, звязанай з заключэннем і арганізацыяй выканання здзелак па абарачэнні электраэнергіі, магутнасці і іншых аб'ектаў гандлю, абарачэнне якіх дапускаецца на аптовым рынку.
Кампанія ажыццяўляе поўны комплекс работ па праектаванні, распрацоўцы, тэсціраванні і бесперапынным забеспячэнні працаздольнасці інфармацыйных сістэм высокай складанасці.