Навіны

13.03.2024

У ЕАЭС сфарміравана нарматыўная прававая база для ацэнкі ўплыву рэгулявання на бізнес

Калегіяй Еўразійскай эканамічнай камісіі 13 сакавіка ўрэгуляваны пытанні ўкаранення новай працэдуры – ацэнкі фактычнага ўздзеяння (АФУ) прынятых Камісіяй рашэнняў на прадпрымальніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя гэтага, ацэнку рэгулюючага ўздзеяння (АРУ) на бізнес цяпер будуць праходзіць праекты міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС, а не толькі праекты рашэнняў Калегіі ЕЭК, як гэта было раней.

«Прыняцце гэтага рашэння дазволіла завяршыць фарміраванне нарматыўнай прававой базы, неабходнай для ўкаранення ў практыку работы Камісіі працэдур для ацэнкі ўплыву наднацыянальнага рэгулявання на ўмовы вядзення бізнесу ў Саюзе. Запуск АФУ і пашырэнне АРУ на праекты міжнародных дагавораў дадуць магчымасць ахапіць ацэнкай увесь жыццёвы цыкл рэгулявання ў Саюзе. Таксама правядзенне працэдур дазволіць выявіць узаемасувязь паміж мэтамі прыняцця нарматыўнага прававога акта і тым эфектам, які ён пацягнуў за сабой», – адзначыў міністр па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Бахыт Султанаў.

Па словах Бахыта Султанава, укараненне гэтых працэдур павысіць уцягнутасць прадстаўнікоў бізнес-супольнасці дзяржаў «пяцёркі» ў працэсы фарміравання і ўдасканалення рэгулявання ў ЕАЭС.

Даведка

Неабходнасць правядзення працэдур АФУ прынятых рашэнняў ЕЭК і АРУ праектаў міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС прадугледжана «II Вялікім» Пратаколам аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС, які падпісаны 31 сакавіка 2022 года і ўступіў у сілу з 12 лютага 2024 года.

Парадак правядзення працэдур АФУ прынятых рашэнняў ЕЭК і АРУ праектаў міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС устаноўлены змяненнямі ў Рэгламент працы ЕЭК, зацверджанымі Рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ад 25 снежня 2023 г. № 23, якое таксама ўступіла ў сілу з 12 лютага 2024 года.