Навіны

20.11.2023

У ЕАЭС удасканальваюцца падатковая палітыка і адміністраванне

Практычныя пытанні ўдасканалення парадку спагнання ўскосных падаткаў ва ўзаемным гандлі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама пытанні інфармацыйнага абмену паміж падатковымі органамі краін ЕАЭС разгледзелі на пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па падатковай палітыцы і адміністраванні пад старшынствам дырэктара Дэпартамента фінансавай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Аркадзя Хачатрана 17 лістапада ў штаб-кватэры ЕЭК. У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі і эксперты ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, якія курыруюць пытанні падатковай палітыкі ЕАЭС.

Члены Кансультатыўнага камітэта таксама разгледзелі агляд асноўных змяненняў падатковага заканадаўства, які ўплывае на ўзаемны гандаль краін ЕАЭС: падатковае адміністраванне, ПДВ, акцызы, спагнанне падаходнага падатку з фізічных асоб, інфармацыйны абмен, міжнароднае падаткаабкладанне, лічбавізацыю падатковага адміністравання, уключаючы электронныя сэрвісы.

У рамках маніторынгу статусу міжнародных дагавораў (пагадненняў) у падатковай сферы разгледзелі змяненні ў Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года, якія ўжо ўнесены або знаходзяцца на ратыфікацыі. Асобная ўвага нададзена змяненням у «II Вялікі Пратакол», які падпісаны 31 сакавіка 2022 года і знаходзіцца на ратыфікацыі.

Як адзначыў адказны сакратар Кансультатыўнага камітэта, начальнік аддзела падатковай палітыкі Дэпартамента фінансавай палітыкі ЕЭК Нурматбек Мамбеталіеў, асаблівая ўвага ўдзельнікаў пасяджэння была нададзена пытанню падаткаабкладання электроннага гандлю ў ЕАЭС. Камісія і ўпаўнаважаныя органы дзяржаў Саюза працягнуць работу па ўзгадненні адпаведнага праекта Пратакола (праект Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС у частцы парадку спагнання ўскосных падаткаў пры электронным гандлі таварамі, кія рэалізуюцца фізічным асобам). Пра ход рэалізацыі гэтага пытання даручана паведаміць на чарговым пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта.

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі пытанне ўдасканалення абмену інфармацыяй паміж падатковымі органамі з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, а таксама ход рэалізацыі Пагаднення аб механізме прасочвальнасці тавараў, увезеных на мытную тэрыторыю ЕАЭС.

У дачыненні да тытунёвай прадукцыі абмеркаваны ўзровень ставак акцызаў, збліжэнне якіх прадугледжана па Пагадненні аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на тытунёвую прадукцыю дзяржаў-членаў ЕАЭС. У адпаведнасці з гэтым дакументам кожныя пяць гадоў вызначаюцца адзіная індыкатыўная стаўка, а таксама дапушчальны дыяпазон адхілення ад яе ставак акцызаў, якія вызначаюцца дзяржавамі Саюза. Па выніках праведзеных кансультацый з бакамі падрыхтаваны пакет матэрыялаў для разгляду пытання на пасяджэнні Калегіі ЕЭК «Аб зацвярджэнні адзінай індыкатыўнай стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю ў дзяржавах-членах Еўразійскага эканамічнага саюза на 2029 год».

Даведка

Кансультатыўны камітэт па падатковай палітыцы і адміністраванні створаны Рашэннем Калегіі ЕЭК ад 15 сакавіка 2012 года № 13. Старшынёй Камітэта з'яўляецца міністр па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Бакытжан Абдзіравіч Сагінтаеў. Камітэт з'яўляецца кансультатыўным органам Камісіі па пытаннях падатковай палітыкі, удасканалення механізму збірання падаткаў ва ўзаемным гандлі.