Пытанні ацэнкі паступлення падаткаў у дзяржаўны бюджэт Кыргызскай Рэспублікі і іх уплыву на рост валавога ўнутранага прадукту, а таксама разліку асноўных макраэканамічных паказчыкаў у адпаведнасці з прынцыпамі пабудовы Сістэмы нацыянальных рахункаў 2008 года (СНР-2008) абмеркавалі на кансультацыях у Бішкеку кіраўнік Сакратарыята Старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір Зіноўскі, дырэктар Дэпартамента статыстыкі ЕЭК Азамат Арасбаеў, намеснік старшыні Статыстычнага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў Андрэй Косараў і старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Кыргызскай Рэспублікі Бактыбек Кудайбергенаў.
Удзельнікі кансультацый разгледзелі перспектывы ўкаранення стандартаў СНР-2008, рэкамендаваных Статыстычнай камісіяй ААН. Па словах Бактыбека Кудайбергенава, у Кыргызстане гэта праца вядзецца з сярэдзіны 2017 года, ужо распрацаваны метадалагічныя палажэнні і ажыццёўлены ацэнкі паказчыкаў, якія ўплываюць на аб'ём, тэмпы росту і структуру ВУП.
У сваю чаргу Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што праца па пабудове сістэмы нацыянальных рахункаў і разліках ВУП выконваецца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі метадалогіямі і пераход Кыргызстана на СНР-2008 – гэта маштабная, даўгачасная праца, якая патрабуе значных рэсурсаў. Акрамя таго, адзначана, што развіццё сістэмы нацыянальных рахункаў немагчыма без узгодненага і ўзаемазвязанага развіцця іншых сістэм статыстыкі (статыстыка плацежнага балансу, статыстыка дзяржаўных фінансаў Кыргызскай Рэспублікі).
Бакі зрабілі выснову аб тым, што пасля істотнага эканамічнага спаду ў пандэмійным 2020 годзе эканоміка Кыргызстана перайшла на этап паступовага аднаўлення, гэта пацвярджаецца дынамікай макраэканамічных даных. Прыярытэтным у цяперашні час з'яўляецца завяршэнне пераходу да пабудовы нацыянальных рахункаў у адпаведнасці з прынцыпамі СНР-2008.
Па выніках кансультацый з іх удзельнікамі сустрэўся першы намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Кыргызскай Рэспублікі Арзыбек Кожашаў. Прадстаўнікі ЕЭК і СНД адзначылі добры ўзровень Сістэмы нацыянальных рахункаў Кыргызскай Рэспублікі, якасць разлікаў, якія праводзяцца, а таксама абмеркавалі прапановы па далейшым развіцці.
Даведка
Сістэма нацыянальных рахункаў 2008 (СНР-2008) — гэта статыстычная база, прынятая Статыстычнай камісіяй ААН у якасці міжнароднага статыстычнага стандарту для нацыянальных рахункаў. Яна ўключае ў сябе ўсёабдымны, сістэматызаваны і гнуткі комплекс макраэканамічных рахункаў, які выкарыстоўваецца для распрацоўкі палітыкі, аналізу і навуковых даследаванняў. СНР-2008 прызначана для выкарыстання ўсімі дзяржавамі і распрацавана з улікам патрэбаў краін, якія знаходзяцца на розных стадыях эканамічнага развіцця.
Аддзел інфармацыйнага забеспячэння Дэпартамента пратакола і арганізацыйнага забеспячэння ЕЭК