Жаңалықтар

28.05.2021 (Обновлено: 16.12.2021 11:20)

Краіны ЕАЭС актывізуюць супрацоўніцтва ў авіябудаванні

Дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза будуць актывізаваць узаемадзеянне ў галіне авіябудавання, ствараць новыя кааперацыйныя ланцужкі, а таксама дададзеную вартасць на тэрыторыі Саюза. Аб гэтым заявіў міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Артак Камалян на пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па прамысловасці ЕЭК. Намечана таксама стварыць камісію па імпартазамяшчэнні ў высокатэхналагічных галінах прамысловасці.

Усе дзяржавы Саюза пацвердзілі важнасць кааперацыйнага супрацоўніцтва ў авіябудаванні і выказалі гатоўнасць працягваць работу ў гэтай сферы.

Як адзначыў міністр, расійскі бок ужо прадставіў партнёрам свае прапановы па кааперацыі. У прыватнасці, прапанавана арганізаваць буйнавузлавую зборку паветраных суднаў на тэрыторыі дзяржаў-членаў, лакалізаваць зборку і пасляпродажнае абслугоўванне самалётаў на базе Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі (ПАТ «ААК»).

Па словах Артака Камаляна, у авіяпрама ЕАЭС ёсць вялікі патэнцыял для далейшага росту і ўмацавання пазіцый на ўнутраным і сусветным рынку, і яго неабходна рэалізаваць у поўнай меры.

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі Агляд найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў прамысловага будаўніцтва дзяржаў-членаў на 2020 - 2025 гады. Дакумент уключае каля 400 буйных інвестыцыйных праектаў у апрацоўчай і горназдабыўной індустрыі на агульную суму інвестыцый 9,5 трлн рублёў. Прадстаўленая інфармацыя па праектах дазволіць знаходзіць інвестараў, пастаўшчыкоў і падрадчыкаў, прыцягваць прамыя і даўгавыя інвестыцыі, у тым ліку з удзелам нацыянальных і міжнародных фінансавых інстытутаў, выяўляць доўгатэрміновыя патрэбнасці ў будаўнічых рэсурсах, абсталяванні і прымяненні тэхналогій.

«Мы арыентуемся на паўтаракратнае павелічэнне аб'ёму ўзаемных інвестыцый у рамках ЕАЭС ужо ў бліжэйшыя гады, – адзначыў Артак Камалян. – Для дасягнення гэтых паказчыкаў нам неабходна «аблічбаваць» і сабраць інвестпраекты нашых краін у адзінай базе даных і прапанаваць комплексныя меры падтрымкі іх рэалізацыі».

Удзельнікі Кансультатыўнага камітэта таксама ўхвалілі праект дакладу «Аб перспектыўных напрамках прамысловага супрацоўніцтва з новымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Еўразійскага эканамічнага саюза». Гэты дакумент змяшчае вынікі комплекснага аналізу патэнцыялу рынку апрацоўчай прамысловасці ЕАЭС, уключаючы ўзровень кааперацыйнага ўзаемадзеяння вытворцаў з новымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі. Актуальнасць тэмы абумоўлена прапрацоўкай пытанняў мэтазгоднасці заключэння пагадненняў аб стварэнні зон свабоднага гандлю з новымі гандлёвымі партнёрамі Саюза.

Ухваленне ўдзельнікаў пасяджэння атрымаў і праект рэкамендацыі Калегіі ЕЭК «Аб развіцці супрацоўніцтва дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы вытворчасці прамысловай прадукцыі для чыгуначнага транспарту». Дакумент змяшчае комплекс мер, рэкамендаваных саюзным краінам для вырашэння асноўных праблем галіны.