Навіны

02.02.2024

Бакытжан Сагінтаеў: «Задача Камісіі – спрыяць стварэнню ўмоў для ліквідацыі лічбавай няроўнасці ў ЕАЭС»

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў 2 лютага ў Алматы на пленарнай сесіі штогадовага форуму Digital Almaty 2024 распавёў пра рэалізацыю лічбавых праектаў, фарміраванне IT-інфраструктуры, а таксама інфармацыйную бяспеку ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Па словах кіраўніка Калегіі ЕЭК, лічбавізацыя і новыя тэхналогіі адкрываюць вялізныя магчымасці для паляпшэння прадукцыйнасці, аптымізацыі бізнес-працэсаў, а таксама вядуць да ўзнікнення сучасных бізнес-мадэляў і ў цэлым да павышэння іх эфектыўнасці.

У цяперашні час ЕЭК сумесна з краінамі ЕАЭС забяспечвае функцыянаванне інтэграванай інфармацыйнай сістэмы Еўразійскага эканамічнага саюза. У рамках трансгранічнай прасторы даверу наладжана ўзаемадзеянне ў фармаце G2G і B2G. Вядзецца таксама работа па забеспячэнні трансгранічнага B2B-узаемадзеяння. 

У Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях» знайшлі адлюстраванне палажэнні, якія тычацца стварэння ўмоў для анлайн-доступу юрыдычным і фізічным асобам да лічбавых паслуг. У сярэднетэрміновай перспектыве ЕЭК зможа пачаць работы па флагманскім праекце «Міждзяржпаслугі ЕАЭС».

«Адносна гэтага напрамку магу адзначыць, што ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве ў Камісіі і дзяржаў-членаў ёсць патэнцыял для рэалізацыі пілотнага праекта, – адзначыў кіраўнік Калегіі ЕЭК. – У аператыўным парадку намі будзе арганізавана работа па прапрацоўцы ініцыятывы».

Бакытжан Сагінтаеў таксама звярнуў увагу на адваротны бок лічбавізацыі – нарастанне лічбавай няроўнасці, якая, у сваю чаргу, можа адбіцца на рэалізацыі «чатырох свабод»: безбар'ерным перамяшчэнні тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы.

«Камісія, як пастаянна дзеючы орган, які забяспечвае агульнае рэгуляванне інтэграцыйных працэсаў, не павінна адыгрываць пасіўную ролю, а тым больш прымаць рашэнні, якія стрымліваюць лічбавізацыю, – перакананы Старшыня Калегіі ЕЭК. – Наадварот, задача Камісіі – праз нарматыўнае і інфраструктурнае забеспячэнне спрыяць стварэнню ўмоў для выраўноўвання лічбавай няроўнасці, тым самым адкрываць неабмежаваныя магчымасці для развіцця і пераўтварэння бізнесу, павышэння якасці паслуг і паляпшэння жыцця грамадзян».

На найбліжэйшым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета Камісія прадставіць сваё бачанне таго, як можна вырашыць гэту праблему.

Даведка

«Digital Almaty» – адна з ключавых пляцовак для фарміравання і абмеркавання глабальнага і рэгіянальнага лічбавага парадку дня, выклікаў, рашэнняў і палітыкі ў галіне лічбавізацыі ва ўсім свеце.

У 2024 годзе чакаецца больш за 50 тысяч удзельнікаў форуму, звыш 300 удзельнікаў выставы і больш за 200 запрошаных спікераў.