Навіны

28.02.2023

ЕЭК і АЭСР абмеркавалі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сучасных умовах

Ключавыя пытанні і напрамкі далейшага супрацоўніцтва абмеркавалі міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Бахыт Султанаў і старшыня Камітэта па канкурэнцыі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) Фрэдэрык Жэні. Сустрэча адбылася ў рамках «Адкрытага дня па канкурэнцыі» ў Парыжы.

«Камісія прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах АЭСР – семінарах рэгіянальнага цэнтра АЭСР па канкурэнцыі ў Будапешце, «Адкрытым дні па канкурэнцыі», «Глабальным форуме». Напрыклад, у семінарах Венгерскага цэнтра па канкурэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 супрацоўнікаў канкурэнтнага блока ЕЭК і цяпер на практыцы прымяняюць атрыманыя веды. Акрамя таго, яны падзяліліся нашым вопытам з замежнымі калегамі, што таксама немалаважна», – адзначыў падчас размовы са старшынёй Камітэта па канкурэнцыі АЭСР Бахыт Султанаў. 

Ён распавёў, як ЕЭК рэалізуе рэкамендацыі АЭСР, атрыманыя ў рамках экспертнага агляду прававога рэгулявання і палітыкі ў сферы канкурэнцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. У аглядзе эксперты міжнароднай арганізацыі дэталёва прааналізавалі заканадаўчую базу ЕАЭС і правапрымяненне ў сферы канкурэнцыі.

«Змяненне рэгіянальнага заканадаўства – няпростая задача. Неабходна атрымаць ухваленне ўсіх краін еўразійскай «пяцёркі». І ў гэтым істотнай дапамогай для нас з'яўляецца вопыт такой аўтарытэтнай арганізацыі як АЭСР», – сказаў міністр ЕЭК.

Бакі адзначылі важнасць працягу супрацоўніцтва па пытаннях канкурэнцыі і на іншых пляцоўках. У прыватнасці, па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб аказанні з боку АЭСР садзейнічання Камісіі на пляцоўцы Міжнароднай канкурэнтнай сеткі (ICN).

Даведка

«Адкрыты дзень па канкурэнцыі» – мерапрыемства АЭСР, якое з 2019 года рэгулярна збірае профільную сусветную экспертную супольнасць.