Праблемы спажыўцоў і бізнесу ў лічбавым свеце, эфектыўныя схемы ўзаемадзеяння ўдзельнікаў электроннага гандлю і развіццё добрасумленных практык абмеркаваны спікерамі тэматычнай панэльнай сесіі V Еўразійскага лічбавага форуму, праведзенага на пляцоўцы міжнароднага форуму «ТІБО- 2023» у Мінску.
«Зніжэнне спажывецкіх і прадпрымальніцкіх рызык ва ўмовах лічбавай трансфармацыі эканомікі – ключавы фактар далейшага інтэграцыйнага развіцця краін Еўразійскага эканамічнага саюза, – адзначыла мадэратар сесіі – дырэктар Дэпартамента санітарных фітасанітарных і ветэрынарных мер Еўразійскай эканамічнай камісіі Наталля Жукава. – Фарміраванне зладжаных механізмаў і празрыстых схем узаемадзеяння грамадства, бізнесу і дзяржавы дазволіць стымуляваць развіццё справядлівага лічбавага спажывецкага рынку на прасторы ЕАЭС».
Па словах Наталлі Жукавай, выпрацоўка агульных падыходаў да абароны правоў спажыўцоў у сферы электроннага гандлю – адзін з ключавых напрамкаў сумеснага развіцця дзяржаў - членаў Саюза да 2025 года. Такая праца праводзіцца на пляцоўцы Камісіі і грунтуецца на лепшых дзелавых практыках і патрэбах грамадства ў гэтай сферы.
Кіраўнікі бізнес-асацыяцый, інтэрнэт-пляцовак, дзяржаўных, навуковых і грамадскіх органаў і арганізацый краін ЕАЭС абмеркавалі найноўшыя тэндэнцыі і перспектывы развіцця дзяржаўнага кантролю і самарэгулявання бізнесу ў інтарэсах спажыўцоў. У ліку элементаў абароны спажывецкага рынку ад кантрафактнай і фальсіфікаванай прадукцыі разгледжаны перадавы практычны вопыт укаранення прынцыпаў добрасумленнага гандлю, а таксама практыка вядзення рэестра давераных анлайн-пляцовак.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі дыскусіі надалі пытанням павышэння лічбавай і спажывецкай адукаванасці.
Як адзначыла Наталля Жукава, інфармаванасць і кампетэнтнасць удзельнікаў рынку з'яўляюцца ключавымі фактарамі развіцця эканомікі. 2023 год праходзіць у ЕАЭС пад дэвізам «Адукаваны спажывец – адказны бізнес». Інфармацыйная праца з грамадзянамі і прадпрымальнікамі па пытаннях выканання правоў спажыўцоў знаходзіцца ў фокусе сумеснай дзейнасці дзяржаў-членаў і адказвае задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця ЕАЭС.
Удзельнікі сесіі прынялі рашэнне прадоўжыць супрацоўніцтва па вызначэнні механізмаў урэгулявання спажывецкіх спрэчак як важнага напрамку сумесных дзеянняў краін ЕАЭС у сферы абароны правоў спажыўцоў.
Даведка
Тэматычная панэльная сесія «Спажыўцы і бізнес у лічбавым свеце: антыкрызісныя схемы ўзаемадзеяння» праведзена Камісіяй 19 красавіка ў рамках дзелавой праграмы V Еўразійскага лічбавага форуму, арганізаванага на пляцоўцы XXIX Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО-2023», які праходзіць 18-21 красавіка ў Мінску (Рэспубліка Беларусь).
Форум «ТІБО» – унікальная пляцоўка для абмену перадавым міжнародным вопытам, генерацыі інавацыйных ведаў і абмеркавання механізмаў укаранення найноўшых тэхналагічных трэндаў у розныя сектары эканомікі, сацыяльную сферу і сістэму дзяржаўнага кіравання.