Навіны

23.05.2023

Прадстаўнікі больш за 50 краін прымуць удзел у II Еўразійскім эканамічным форуме

Больш за 2700 прадстаўнікоў органаў улады, бізнес-супольнасці, міжнародных арганізацый, СМІ прымуць удзел у дзелавой праграме II Еўразійскага эканамічнага форуму 24-25 мая ў Маскве. Форум пройдзе пад дэвізам «Еўразійская інтэграцыя ў шматпалярным свеце». У рамках ЕЭФ-2023 адбудзецца каля 35 дзелавых сесій. Ключавым мерапрыемствам стане пленарнае пасяджэнне Форуму.

«З больш чым 2700 гасцей форуму, якія пацвердзілі ўдзел – звыш 500 замежных прадстаўнікоў з 54 дзяржаў. Дыскусіі на пляцоўках Форуму нацэлены на выпрацоўку канкрэтных практычных рашэнняў, накіраваных на ўсебаковае эканамічнае развіццё дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і краін Еўразійскага рэгіёна. Разам з тым, Форум стане пляцоўкай для бізнес-дыялогу – чакаем удзел звыш 650 прадстаўнікоў бізнесу з больш, чым 450 кампаній», – падкрэсліў намеснік Старшыні Ўрада Расійскай Федэрацыі Аляксей Авярчук.

Таксама чакаецца, што ў мерапрыемствах Форуму прымуць удзел прадстаўнікі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

Адна з ключавых дыскусій пройдзе ў рамках сесіі стратэгічнага блока «Прыярытэты ЕАЭС 2030+». Чакаецца, што ўдзельнікамі сесіі стануць віцэ-прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Мгер Грыгаран, намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, намеснік Прэм'ер-міністра – міністр гандлю і інтэграцыі Рэспублікі Казахстан Серык Жумангарын, Першы намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Кыргызскай Рэспублікі Адылбек Касымаліеў, намеснік Старшыні Ўрада Расійскай Федэрацыі Аляксей Авярчук, Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч, член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Глазьеў.

Галоўная тэма сесіі – абмеркаванне асноўных вектараў інтэграцыйнага ўзаемадзеяння на перыяд да 2030 і 2045 гадоў.

II Еўразійскі эканамічны форум праводзіцца ў рамках старшынства Расійскай Федэрацыі ў органах ЕАЭС у 2023 годзе, а яго мэтай з'яўляецца ўдасканаленне кааперацыйных сувязяў на еўразійскай прасторы.