Навіны

04.07.2023

Пашыраны магчымасці вытворцаў з краін ЕАЭС для ўдзелу ў дзяржзакупках


Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі 4 ліпеня вызначыў умовы вытворчасці для новых таварных пазіцый дадатку № 1 да Правілаў вызначэння краіны паходжання асобных тавараў для мэт дзяржаўных закупак (КПТ).

Камісія сумесна з упаўнаважанымі органамі краін ЕАЭС і прадстаўнікамі бізнесу ўзгадніла ўмовы вытворчасці па пяці таварных пазіцыях. Сярод іх – два віды вымяральных прыбораў з галіны «Станкабудаванне» і тры віды ізалятараў з галіны «Энергетычнае машынабудаванне, электратэхнічная і кабельная прамысловасць». 

Па словах міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Бахыта Султанава, узгадненне ўмоў вытворчасці па новых таварных пазіцыях істотна пашырае магчымасці вытворцаў краін Саюза для ўдзелу ў дзяржаўных закупках, забяспечвае стварэнне новых кааперацыйных ланцужкоў паміж вытворцамі.

«З улікам прынятага сёння рашэння ў дадатак № 1 да Правілаў КПТ ужо ўключаны ўмовы вытворчасці па 455 таварных пазіцыях. Работа па ўзгадненні новых умоў праводзіцца на пастаяннай аснове. Усё больш тавараў, вырабленых у адпаведнасці з правіламі КПТ, атрымліваюць бесперашкодны доступ да дзяржзакупкаў», – адзначыў Міністр ЕЭК.

Таксама ў Правілы ўнесены тэхнічныя праўкі ў найменні асобных таварных пазіцый галіны «Мэблевая і дрэваапрацоўчая прамысловасць» у мэтах прывядзення іх у адпаведнасць з Таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС. 

Акрамя гэтага, Савет ЕЭК падтрымаў прапанову Беларусі аб карэкціроўцы раней уключаных у Правілы ўмоў вытворчасці да таварнай пазіцыі «Кабелі валаконна-аптычныя», што дасць магчымасць вытворцам выконваць толькі тыя аперацыі, якія маюцца ў тэхналагічным працэсе вытворчасці. Таксама віцэ-прэм'еры ўзгаднілі дадаванне дадатковага кода ТН ЗЭД ЕАЭС да пазіцыі «аўтамабілі грузавыя», што пашырыць наменклатуру грузавых аўто для ўключэння ў Еўразійскі рэестр.