Навіны

04.04.2024

З 7 красавіка ўступаюць у сілу змяненні ў тэхрэгламент на мяса і мясную прадукцыю

Змяненні, прынятыя Рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 27 верасня 2023 года № 98, карэкціруюць патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы мяса і мясной прадукцыі» (ТР МС 034/2013) у дачыненні да пазначанай у маркіроўцы інфармацыі аб харчовай каштоўнасці прадуктаў забою і мясной прадукцыі.

Актуальнасць змяненняў абумоўлена тым, што мяса забойных жывёл і прадукты забою, у тым ліку тыя, якія выкарыстоўваюцца ў выглядзе сыравіны, характарызуюцца натуральнай неаднароднасцю колькасці бялку і тлушчу.

Змяненнямі прадугледжаны дапушчальныя межы адхілення фактычных значэнняў колькасці харчовых рэчываў (паказчыкаў харчовай каштоўнасці) ад указаных у маркіроўцы: бялку ў прадукцыі павінна быць не менш за 80% ад значэння, указанага ў маркіроўцы; тлушчу, вугляводаў, энергетычнай каштоўнасці (каларыйнасці) – не больш за 120% ад значэнняў, указаных у маркіроўцы.

Напрыклад, пры ўказанні ў маркіроўцы мясной прадукцыі сярэдняга значэння бялку 17 г (100 %) на 100 г прадукту фактычнае значэнне бялку, з улікам новых патрабаванняў, не павінна быць менш за 13,6 г (80 %) на 100 г прадукцыі. Пры сярэднім значэнні тлушчу 18 г (100%) на 100 г прадукту фактычнае значэнне тлушчу не павінна быць больш за 21,6 г (120%) на 100 г прадукцыі.

Аналагічны падыход прадугледжаны патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза «Аб бяспецы мяса птушкі і прадукцыі яго перапрацоўкі» (ТР ЕАЭС 051/2021), якія дзейнічаюць з 1 студзеня 2023 года.

Міністр па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Валянцін Татарыцкі адзначае, што змяненні накіраваны на вырашэнне праблем, звязаных з кантролем колькасці харчовых рэчываў з улікам асаблівасцяў сыравіны і спецыфікі мясаперапрацоўчай прамысловасці, а таксама на папярэджанне дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўцоў неадпаведнасцю фактычных значэнняў колькасці бялку, тлушчу, вугляводаў і каларыйнасці, указаных у маркіроўцы. На думку Валянціна Татарыцкага, увядзенне ў дзеянне новых патрабаванняў акажа пазітыўны ўплыў на ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў краінах Саюза.

Рашэннем Калегіі Камісіі ад 5 сакавіка 2024 года № 15 вызначаны пераходны перыяд. Прадугледжана, што дакументы аб ацэнцы адпаведнасці прадуктаў забою і мясной прадукцыі, у дачыненні да якіх унесены змяненні, выдадзеныя або прынятыя да 7 красавіка 2024 года, сапраўдныя да заканчэння тэрміну іх дзеяння. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне гэтай прадукцыі дапускаюцца да заканчэння тэрміну дзеяння такіх дакументаў, абарачэнне прадукцыі дапускаецца на працягу тэрміну прыдатнасці, устаноўленага вытворцам.