Навіны

04.04.2023

Пагадненне аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак увайшло ў сілу

3 красавіка 2023 года ўвайшло ў сілу Пагадненне аб прымяненні ў Еўразійскім эканамічным саюзе навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак, падпісанае кіраўнікамі дзяржаў-членаў 19 красавіка 2022 года ў горадзе Маскве.

Неабходныя для ўступлення Пагаднення ў сілу ўнутрыдзяржаўныя працэдуры выкананы ва ўсіх дзяржавах Саюза, аб чым у ЕЭК паступілі адпаведныя ноты. 

Дакумент мае статус міжнароднага дагавора і ўстанаўлівае прававую аснову для прымянення ў ЕАЭС новага тэхналагічнага інструмента кантролю пры перавозках тавараў і транспартных сродкаў – навігацыйных пломбаў.

Пры гэтым сфера дзеяння Пагаднення распаўсюджваецца выключна на перавозкі, якія ажыццяўляюцца па тэрыторыях дзвюх і больш краін Саюза.

Навігацыйная пломба з'яўляецца прыладай, з дапамогай якой дыстанцыйна забяспечваецца кантроль за перамяшчэннем тавараў і транспартных сродкаў.

Выкарыстанне названай тэхналогіі дазваляе на адлегласці сотняў і тысяч кіламетраў у анлайн-рэжыме назіраць за транспартным сродкам і фіксаваць кожнае незаконнае дзеянне з таварамі, якія знаходзяцца ў апламбаваным грузавым адсеку, калі яны будуць мець месца.

За кошт прымянення навігацыйных пломбаў забяспечваецца «празрыстасць» перавозак.

Пагадненне накіравана на мінімізацыю мер дзяржаўнага кантролю пры перавозках тавараў (пры транзіце, экспарце і ў рамках узаемнага гандлю) і забеспячэнне іх законнага абароту на тэрыторыі Саюза.

Пагадненнем прадугледжана паэтапнае ўвядзенне адсочвання з улікам катэгорый тавараў і відаў транспарту, якімі яны будуць перамяшчацца. Такі падыход забяспечыць мяккую адаптацыю ўдзельнікаў перавозак і дзяржаўных органаў да новых умоў працы, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням.

Сённяшнія рэаліі сведчаць пра тое, што новы сучасны інструмент кантролю адпавядае інтарэсам як кантралюючых органаў, так і суб'ектаў ЗЭД.

Даведка

7 сакавіка бягучага года Калегія ЕЭК ухваліла план мерапрыемстваў па ўкараненні ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза механізма адсочвання перавозак з выкарыстаннем навігацыйных пломбаў, вызначанага Пагадненнем аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак. Адпаведная дарожная карта, якую павінна таксама зацвердзіць Савет ЕЭК на ўзроўні віцэ-прэм'ераў краін еўразійскай «пяцёркі», змяшчае ў сабе комплекс мерапрыемстваў. Іх рэалізацыя дасць магчымасць пачаць адсочванне перавозак у краінах ЕАЭС у студзені 2024 года.