Навіны

26.09.2022

У ЕАЭС удасканальваюць выкарыстанне сучасных інфармацыйных сістэм у сферы інтэлектуальнай уласнасці

Перспектывы лічбавізацыі дзяржаўных паслуг у сферы інтэлектуальнай уласнасці, пілотныя праекты па забеспячэнні аўтаматызаваных працэсаў нагляду за абарачэннем тавараў і выяўлення кантрафактнай прадукцыі, інструменты пошуку парушэнняў правоў інтэлектуальнай уласнасці ў сетцы Інтэрнэт, а таксама пытанні аўтаматызацыі працэсу адпраўлення правасуддзя абмеркавалі падчас дыскусійнай сесіі, арганізаванай Еўразійскай эканамічнай камісіяй у рамках X Міжнароднага форуму «Антыкантрафакт-2022» у Бішкеку.

Па словах дырэктара Дэпартамента развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці ЕЭК Ермека Куантырава, ключавым аспектам у стварэнні камфортных умоў для інавацыйнага бізнесу з'яўляецца ўкараненне лічбавых тэхналогій на ўсіх этапах жыццёвага цыкла аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. 

«Еўразійская эканамічная камісія, абапіраючыся на сусветны вопыт і вопыт дзяржаў ЕАЭС, выбудоўвае еўразійскія працэсы ў галіне інтэлектуальнай уласнасці з улікам магчымасці прымянення сучасных лічбавых тэхналогій, якія дазволяць забяспечыць высокую эфектыўнасць працэдур аховы і абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці», – адзначыў Ермек Куантыраў.

Удзельнікам дыскусіі таксама прадстаўлена інфармацыя пра праекты ЕЭК у сферы інтэлектуальнай уласнасці, якія рэалізуюцца з дапамогай інтэграванай інфармацыйнай сістэмы Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Пры рэалізацыі агульных еўразійскіх працэсаў ставіцца задача максімальнага ўліку лепшых практык дзяржаў-членаў па інфарматызацыі працэдур узаемадзеяння бізнесу з Камісіяй і ўпаўнаважанымі органамі нашых краін», – падкрэсліў дырэктар Дэпартамента ЕЭК.

Даведка

Міжнародны форум «Антыкантрафакт» – найбуйнейшая міжнародная пляцоўка для канструктыўнага дыялогу прадстаўнікоў улады, бізнесу, навукі, праваўладальнікаў, вытворцаў, аўтараў і грамадскасці, на якой абмяркоўваюцца і выпрацоўваюцца прапановы па павышэнні эфектыўнасці барацьбы з распаўсюджваннем кантрафактнай прадукцыі, абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і фарміраванні цывілізаванага рынку тавараў і паслуг, перш за ўсё, у дзяржавах-членах ЕАЭС.

Арганізатарамі форуму ў Бішкеку выступілі Еўразійская эканамічная камісія, Кабінет Міністраў Кыргызскай Рэспублікі і Міжнародная асацыяцыя «Антыкантрафакт».

Згодна з распараджэннем Еўразійскага міжурадавага савета ад 7 сакавіка 2017 г. № 3, форум праводзіцца штогод на ратацыйнай аснове ў той краіне, якая ў бягучым годзе старшынствуе ў Еўразійскім міжурадавым савеце.

У 2023 годзе XI Міжнародны форум «Антыкантрафакт-2023» пройдзе ў Расійскай Федэрацыі.