Навіны

15.05.2023

У ЕЭК разгледжаны дакументы, якія забяспечваюць развіццё інтэграцыі ў сферы транспарту

Пытанні рэалізацыі Асноўных напрамкаў транспартнай палітыкі разгледжаны 15 мая на пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па транспарце і інфраструктуры Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Часова выконваючая абавязкі дырэктара Дэпартамента транспарту і інфраструктуры Алена Валента, якая старшынствавала на пасяджэнні, праінфармавала яго ўдзельнікаў аб інтэграцыйнай працы ў Еўразійскім эканамічным саюзе, якая ідзе планавым парадкам у адпаведнасці з дарожнай картай на 2021-2023 гады, пазначыла асаблівасці і праблемы падрыхтоўкі асобных праектаў дакументаў, а таксама паведаміла пра пачатак працы па падрыхтоўцы дарожнай карты на наступны трохгадовы перыяд – 2024-2026 гады.

Алена Валента адзначыла, што асаблівай увагі патрабуе змястоўная частка новай дарожнай карты – гэты дакумент павінен быць накіраваны на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў у адпаведнасці з этапамі транспартнай палітыкі.

Ключавымі на пасяджэнні сталі пытанні развіцця грамадзянскай авіяцыі. У іх ліку – напрамкі гарманізацыі заканадаўства, падыходы да забеспячэння справядлівай і добрасумленнай канкурэнцыі і пашырэнне паветраных зносін.

Камітэт ухваліў даклады, падрыхтаваныя па выніках аналітычнай працы на прадмет ацэнкі мэтазгоднасці заключэння пагадненняў у галіне лётнай прыдатнасці і забеспячэння бяспекі палётаў, а таксама мэтазгоднасці распрацоўкі і заключэння міжнароднага дагавора па стварэнні і функцыянаванні агульнага рынку паслуг паветранага транспарту ў ЕАЭС.

Асаблівая ўвага ўдзельнікаў пасяджэння Камітэта была нададзена ходу працы над праектам комплекснага плана развіцця еўразійскіх транспартных калідораў. Дакумент аб інфраструктурным развіцці з'яўляецца адным з прыярытэтаў сумеснай дзейнасці бакоў і Камісіі і закліканы вызначыць магчымасці і перспектывы скаардынаванага ўзаемадзеяння ва ўмовах змянення напрамкаў транспартных калідораў і маршрутаў, лагістыкі таварных патокаў.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні ўнутранага суднаходства, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

На завяршэнне мерапрыемства Алена Валента адзначыла важнасць аператыўнага вырашэння актуальных пытанняў інтэграцыі транспартных комплексаў Саюза. Шэраг абмеркаваных пытанняў будзе ўключаны ў парадак дня пасяджэння Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне транспарту дзяржаў-членаў ЕАЭС.