Навіны

25.09.2023 (Обновлено: 26.09.2023 14:28)

ЕЭК ухваліла вынікі сумесных дзеянняў краін ЕАЭС у сферы абароны правоў спажыўцоў

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі 25 верасня ўхваліла вынікі работы краін Еўразійскага эканамічнага саюза, дасягнутыя за першы год рэалізацыі Праграмы сумесных дзеянняў па абароне правоў спажыўцоў.

«Праграма – гэта першы дакумент ЕАЭС, накіраваны на арганізацыю комплекснай работы краін па правядзенні ўзгодненай палітыкі ў гэтай сферы, – адзначыў міністр па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Віктар Назаранка. – У работу па выкананні Праграмы ў роўнай ступені ўцягнуты ўсе краіны Саюза. Іх сумесныя намаганні накіраваны на падтрыманне дабрабыту і бяспекі спажыўца ў мэтах захавання ўстойлівасці ўнутранага рынку ЕАЭС».

Праграма сумесных дзеянняў дзяржаў - членаў ЕАЭС у сферы абароны правоў спажыўцоў прынята ў чэрвені 2022 года і дзейнічае да 2025 года. У рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы прымаюць удзел дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі і дзелавыя колы.

Ключавымі напрамкамі сумеснай работы дзяржаў-членаў у рамках Праграмы з'яўляюцца стварэнне арганізацыйнай асновы для фарміравання механізму ўліку інтарэсаў спажыўцоў, выпрацоўка агульных падыходаў краін у гэтай сферы, развіццё інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж упаўнаважанымі органамі, правядзенне сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на асвету грамадзян, фарміраванне навыкаў рацыянальнага і ўстойлівага спажывання, а таксама стварэнне механізмаў урэгулявання трансгранічных спрэчак з удзелам спажыўцоў.

У дакладзе, падрыхтаваным Камісіяй па гэтым пытанні, прадстаўлена інфармацыя аб бягучай сітуацыі ў сферы абароны правоў спажыўцоў у Саюзе, выніках сумеснай работы дзяржаў і прапановы па выкананні асобных мерапрыемстваў Праграмы.